1 чэрвеня спаўняецца год штодзённай, бестэрміновай курапацкай варце. Пратэсты супраць адкрыцьця рэстарана «Поедем поедим» перарасьлі ў пратэсты супраць дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах.
Якім быў год?
- 30 траўня 2018 году адбылася экстраная нарада абаронцаў Курапатаў, на ёй вызначаны плян дзеяньняў.
- 31 траўня прайшла першая акцыя з Вольгай Мікалайчык супраць адкрыцьця рэстарана «Поедем поедим».
- 1 чэрвеня актывісты правялі акцыю «Не кабак, а музэй» перад варотамі рэстарана.
- 3 чэрвеня — мітынг-рэквіем «Дзень памяці пра генацыд» у Курапатах, заяўнікам якога выступіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.
- 4 чэрвеня — актывісты распачынаюць штодзённую вахту ў Курапатах. Абаронцы не прапускаюць у рэстарацыю машыны з прадуктамі і наведвальнікаў. Цягам году былі выпадкі, калі абаронцаў зьбівалі аўтамабілі. ДАІ штрафуе абаронцаў.
- 6 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» афіцыйна запрацаваў. Міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля рэстарацыі.
- 7 чэрвеня каля «Поедем поедим» адбыліся сутычкі супрацоўнікаў рэстарацыі з актывістамі. Стала вядома, хто валодае рэстарацыяй у Курапатах. Супраць яе адкрыцьця выступілі беларускія пісьменьнікі.
- 11 чэрвеня ўлады вызначылі пераможцаў конкурсу эскізных праектаў мэмарыялу ў Курапатах.
- 13 чэрвеня невядомыя павалілі крыжы каля рэстарацыі «Поедем поедим». Міліцыя спрабавала разагнаць абаронцаў Курапатаў. На месцы зьнесеных крыжоў каля рэстарана ў Курапатах зьявіўся шлягбаўм.
- 27 чэрвеня каля рэстарацыі «Поедем поедим» аўтамабіль зьбіў актывіста Леаніда Кулакова. У яго пералом рукі.
- 29 чэрвеня затрыманы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч перад заплянаваным усталяваньнем новых крыжоў каля рэстарацыі «Поедем поедим».
- 30 чэрвеня — 4 ліпеня за абарону Курапатаў асудзілі на 10 сутак Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Аляксея Туровіча, Дзяніса Ўрбановіча, Вольгу Мікалайчык, Натальлю Гарачку, некаторых да таго ж аштрафавалі.
- 6 ліпеня Дашкевіч усталяваў тры крыжы паблізу рэстарацыі ў Курапатах.
- 17 ліпеня Рыгор Кастусёў адмовіўся ад ролі перамоўніка паміж уладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» і пратэстоўцамі, бо справа з арганізацыяй перамоваў зайшла ў тупік.
- 19 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў Леаніда Зайдэса, аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим». Амапаўцы разагналі пікет каля рэстарацыі «Гранд Кушавель».
- 20 ліпеня Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі ўсталявалі ў Курапатах 12 новых крыжоў. Кіраўніцтва Бараўлянскага спэцлясгасу заявіла, што актывісты парушаюць закон.
- 20 ліпеня Леанід Зайдэс выступіў з заявай для СМІ. Ён адмовіўся закрыць «Поедем поедим», прапанаваў грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Актывісты вырашылі працягваць абарону.
- 6 жніўня Паўла Севярынца пакаралі 10 суткамі арышту за абарону Курапатаў.
- 10 жніўня Зьміцер Дашкевіч разам з паплечнікамі паставіў яшчэ 9 вялікіх драўляных крыжоў ва ўрочышчы Курапаты з боку рэстарацыі «Поедем поедим».
- 3 верасьня Дзяніс Урбановіч і Максім Вінярскі асуджаныя на 7 і 10 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна.
- 6 верасьня. Севярынец атрымаў чарговыя 10 сутак за Курапаты.
- 11 кастрычніка. Ад пачатку абароны Курапатаў актывісты сумарна адбылі 115 сутак арышту, агулам было складзена болей за 150 пратаколаў аб адміністрацыйных парушэньнях. За паўгода 500 чалавек узялі ўдзел у пратэстах супраць рэстарана каля Курапатаў.
- 6 лістапада ў Курапатах усталявалі дзяржаўны мэмарыяльны знак.
- 1 лютага стала вядома пра чарговы акт вандалізму — невядомыя разьбілі «лаву Клінтана».
- 12 лютага пракурор Менскай вобласьці заявіў, што новыя крыжы ў Курапатах трэба ўзгадняць з уладамі.
- 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Курапаты «прывядуць у парадак, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».
- 20–23 сакавіка ў Курапатах невядомыя павалілі адразу 14 крыжоў, размалявалі помнікі «зоркамі Давіда» і антысэміцкімі надпісамі.
- 4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД. 15 абаронцаў затрымалі, пад аховай міліцыі пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыяла. Больш за 200 чалавек прайшлі крыжовым шляхам у Курапатах.
- 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
- 14 траўня Лукашэнка даручыў да 2021 году пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтар — на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтру «Экспабел», якая мяжуе з Курапатамі.
- 22 траўня ў Курапатах зьніклі яшчэ тры крыжы з боку рэстарацыі.
- 24 траўня Аляксандар Лукашэнка «спыніўся» каля Курапатаў падчас праверкі ўпарадкаваньня МКАД і прылеглых тэрыторыяў. Ён забараніў «нешта рабіць» ва ўрочышчы без дазволу.
Ці варта мадэрнізаваць курапацкую варту?
На гэтае пытаньне Свабоды адказалі лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, актывістка Ганна Шапуцька, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.
Зьміцер Дашкевіч: правільна і праведна прыйсьці і сказаць: «Не — злачынству»
«Павінна быць такая пастаноўка пытаньня: што правільна сёньня зрабіць? Што праведна сёньня пад небам зрабіць? Я разумею, што правільна і праведна прыйсьці і сказаць: „Не — злачынству“. Усё, я прыходжу сюды. Гэта галоўны для мяне вынік.
Ня трэба трындзяжу. Трэба рабіць тое, што кожны можа рабіць. Бог даў кожнаму сваю меру магчымасьцяў. Кожны чалавек сёньня ў Беларусі, кожны патрыёт, а такіх, напэўна, мільёны, можа прыйсьці ў Курапаты, ускласьці кветкі, памаліцца, падумаць, паразважаць пра тое, што адбылося тут 80 гадоў таму, што і чаму цяпер адбываецца.
Мільёны людзей маюць такую магчымасьць. Яны маюць магчымасьць патэлефанаваць на адкрытыя нумары гэтага кабака і запытацца, ці ня сорамна вам кожны дзень ладзіць дзіцячыя сьвяты з шарыкамі і клаўнадай.
Калі нехта хоча перафарматаваць — калі ласка, няхай перафарматуе. Бог кожнаму дае магчымасьць у меру ягоных здольнасьцяў. Я магу прыходзіць і стаяць тут па пятніцах. Я стаю. Хто можа разгарнуць культурніцкія франты — разгортвайце. Хто можа «Карлу-Марлу» ўзяць у свае рукі — бярыце. Кожны патрыёт павінен паставіць перад сабой пытаньне: што мне правільна зрабіць? І што я магу зрабіць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Пальчыс пра абарону Курапатаў: Варта пераходзіць да «больш культурнай барацьбы»Ганна Шапуцька: «Варта павінна трымацца і надалей»
«Варта павінна трымацца і надалей. Пра яе фармат можна падумаць. Але варта павінна быць менавіта тут, у Курапатах.
Нехта прапануе ці юрыдычны фармат па-за межамі мэмарыялу, ці ў цэнтры Менску — кажуць, будзе больш вынікова.
Не, трэба быць у Курапатах. Я бачу людзей, якія едуць у гэтую рэстарацыю каля могільніка. Трэба з гэтымі людзьмі размаўляць, паказваць, што гэтага нельга рабіць. Можна раздаваць улёткі. Такім чынам мы паказваем уладзе, што трэба спыніць гэты гвалт, гэтае прававое бязьмежжа, і зачыніць рэстаран. І спыніць дзяржаўны вандалізм у самім курапацкім мэмарыяле.
Я заклікаю, каб як мага больш людзей далучалася да варты. Калі ў нейкі момант нас тут будзе вельмі многа — будзе пералом у гэтай справе. Варта — гэта найперш абарона памяці закатаваных людзей».
Мацкевіч: «Гэтая акцыя ня можа быць масавай, а таму ня можа быць пераможнай»
«Я ім не магу нешта раіць, бо не зьяўляюся ўдзельнікам. Я аддаю належнае мужнасьці і ўпартасьці гэтых людзей, якія там стаяць, іх ня так шмат.
Бязь зьмены палітычнага рэжыму праблема Курапатаў, праблема гістарычнай памяці і ўшанаваньня ахвяраў камуністычнага рэжыму вырашана быць ня можа. Нават калі б улады сёньня адчапіліся ад абаронцаў Курапатаў,то ўсё роўна гэтая праблема засталася б. Ня толькі ў Курапатах, а і ў Кабыляках і ў шматлікіх іншых месцах пахаваньня ахвяраў камуністычнага рэжыму. Таму тут нічога параіць не магу.
У дадзеным выпадку гэта рэалізацыя каштоўнаснай структуры асобаў, людзей вельмі мужных і адданых. Таму здымаю капялюш перад гэтымі людзьмі. Але ж мне падаецца, што гэтая акцыя ня можа быць масавай, а таму ня можа быць пераможнай».
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.