Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) пачаў вымяраць рэйтынг даверу да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна паводле новай мэтодыкі.
ВЦИОМ дапоўніў мэтодыку ацэнкі даверу палітыкам «закрытым пытаньнем», якое прадугледжвае канкрэтныя імёны і прозьвішчы. У гэтым фармаце пра давер Уладзіміру Пуціну заявілі больш за 72 працэнтаў апытаных.
Апублікаваныя ВЦИОМ на мінулым тыдні вынікі апытаньня паводле ранейшай мэтодыкі — адкрытае пытаньне, без указаньня канкрэтных палітыкаў — паказалі зьніжэньне даверу да Пуціна да мінімуму за 13 гадоў — 31,7 адсотка. Пры гэтым 65,8 адсоткаў рэспандэнтаў заявілі, што ў цэлым ўхваляюць дзейнасьць прэзыдэнта.
Разыходжаньне ў лічбах выклікала незадаволенасьць у Крамлі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў папрасіў сацыёлягаў растлумачыць сытуацыю, «як можа падаць ўзровень даверу, але расьці электаральны рэйтынг».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За падзеньне рэйтынгу Пуціна адкажуць сацыёлягіКіраўнік ВЦИОМ Валерый Фёдараў, камэнтуючы вынікі апытаньня, спачатку заявіў, што прычына нізкага рэйтынгу Пуціна зьвязаная з тым, што насельніцтва ня верыць у паляпшэньне ўзроўню жыцьця. Аднак пазьней ён напісаў, што падае не давер да прэзыдэнта, а частата згадак Пуціна ў сьпісе палітыкаў, каму давяраюць расейцы.
Пасьля гэтага ВЦИОМ дапоўніў мэтодыку апытаньня пра давер палітыкам закрытым пытаньнем.