Пралайфэрскі рух у мяне асацыюецца найперш з забаронай абортаў і зьвязанымі з гэтым пагрозамі для жанчын. А магло б быць зусім інакш, калі б тыя, хто называе сябе абаронцамі жыцьця, клапаціліся не пра прымус жанчын нараджаць нежаданых дзяцей, а пра дапамагу вынасіць, нарадзіць і, калі нешта пайшло ня так, выратаваць жаданых.
Можна і трэба разьвіваць дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналёгіі, вучыцца ратаваць глыбока неданошаных дзяцей і рабіць гэта так, каб яны вырасталі без інваліднасьцяў. Гэта — гуманны, сапраўдны, чалавекалюбівы пралайф.
Вось у ЗША нядаўна выпісалі з лякарні дзяўчынку, якая нарадзілася ў сьнежні мінулага году з вагой 245 грамаў. Яна нарадзілася, калі тэрмін цяжарнасьці быў 23 тыдні і тры дні і стала самым маленькім выратаваным чалавекам у сьвеце. Для параўнаньня, у Беларусі дзяцей «выходжваюць», калі пры нараджэньні яны важаць больш за 500 грамаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выказаўся супраць закону аб хатнім гвалце. І расказаў, каго біў са сваіх дзяцейКожны год тэхналёгіі разьвіваюцца, у мэдыкаў зьяўляецца магчымасьць ратаваць усё больш «цяжкіх» пацыентак і пацыентаў. Але відавочна, што трэба яшчэ больш адукацыйных праграм, яшчэ больш адпаведнага абсталяваньня і яшчэ больш падтрымкі сем’ям, якія пасьля выпіскі малых з лякарні часта не ведаюць, што ўвогуле рабіць далей.
«Выходжваньне» глыбока неданошаных дзяцей — доўгі і складаны працэс, падчас якога іх родным трэба шмат дапамогі: інфармацыяй, «рукамі» і грашыма. Вось тут энэргічнасьць і запал пралайфэрак і пралайфэраў былі б вельмі да месца. Арганізаваць групу ўзаемападтрымкі, дапамагчы з адаптацыяй і рэабілітацыяй пасьля выпіскі, падтрымаць матэрыяльна, пакуль бацькі разрываюцца паміж домам і лякарняй.
Паводле Юліі Ражко, загадчыцы пэдыятрычнага аддзяленьня неданошаных нованароджаных ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця», цяпер 60% неданошаных дзяцей вырастаюць абсалютна здаровымі. І каб гэтая статыстыка станавілася яшчэ лепшай, трэба вучыць і мэдыкаў, і бацькоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуд-Жанчына, Кніга Рут і Джулія з «1984». Што такое фэмінізм па-беларускуАле ж дзе пралайфэрскія кампаніі ў падтрымку хворых нованароджаных? Няўжо з нараджэньнем чалавек перастае быць цікавым? Ці гэта ўжо не такі зручны аб’ект клопату, бо ў яго ўзьнікаюць новыя і новыя патрэбы, які трэба задавальняць?
Вы можаце запярэчыць мне і сказаць, што ратаваньне дзяцей — праца доктарак і дактароў, а далейшая рэабілітацыя мусіць арганізоўвацца сумеснай працай мэдыкаў, сацыяльных службаў і бацькоў. Можаце нават нагадаць, што ўсе мусяць займацца сваёй працай і ня лезьці ў тое, у чым не маюць кампэтэнцыі.
Але, па першае, для збору грошай і адміністрацыйнай падтрымкі бацькоў асаблівай мэдычнай кваліфікацыі ня трэба. А па-другое, пралайфэры ня надта пераймаюцца адсутнасьцю ведаў і неэтычнасьцю сваіх дзеяньняў, калі адгаворваюць жанчын перарываць цяжарнасьць і запалохваюць пры гэтым бясплодзьдзем, «постабортным сындромам» і божым пакараньнем.
Так што справа ўсё ж не ў кампэтэнцыі і дакладна не ў павазе да прынцыпу «не нашкодзь». Проста ўсе людзі, як вядома, роўныя, а эмбрыёны — раўнейшыя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.