Паўночнакарэйскія чыноўнікі, якіх прызначылі адказваць за падрыхтоўку і суправаджэньне другога саміту ЗША-КНДР у канцы зімы, былі пакараныя сьмерцю з прычыны правалу перамоваў у Ханоі, паведаміла найбуйнейшая паўднёвакарэйская газэта Chosun Ilbo са спасылкай на ўласную крыніцу.
Паводле зьвестак выданьня, спэцпрадстаўнік КНДР ў справах ЗША Кім Хек Чхоль і яшчэ чатыры высокапастаўленыя паўночнакарэйскія дыпляматы былі абвінавачаныя ў здрадзе і пакараныя сьмерцю на аэрадроме Мірым пасьля правалу амэрыкана-паўночнакарэйскага саміту ў Ханоі.
Адбылося гэта ў сакавіку, піша Chosun Ilbo. Спосаб пакараньня не ўдакладняецца.
Акрамя таго, групу іншых «датычных» да правалу саміту саслалі ў лягеры для палітзьняволеных на «прымусовыя работы і ідэалягічнае перавыхаваньне», у тым ліку кіраўніка аддзелу ЦК Працоўнай партыі Карэі ў пытаньнях узьяднаньня Кім Ён Чхоля і перакладчыка Кім Чэн Ына на саміце ў Ханоі. Апошні пакараны за магчымую памылку ў сынхронным перакладзе на сустрэчы Кіма і Трампа, якая «падарвала аўтарытэт самай высокай вартасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім Чэн Ын заявіў, што гатовы сустрэцца з Трампам у трэці разНа другім саміце ЗША-КНДР бакі зьбіраліся падпісаць дэклярацыю аб ядзерным раззбраеньні Карэйскага паўвострава, але сустрэча скончылася датэрмінова і безвынікова. Белы дом заявіў, што прадстаўнікі дзьвюх краінаў працягнуць перамовы ў будучыні.
На прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што галоўнай праблемай на перамовах зь лідэрам КНДР стала патрабаваньне Паўночнай Карэі цалкам зьняць санкцыі з Пхэньяну ў абмен на адмову ад ядзернай зброі, але Злучаныя Штаты на гэта не пайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп і Кім Чэн Ын не дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні Паўночнай Карэі