Госьць «Інтэрвію тыдня» — выканаўца абавязкаў рэктара ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў. Ён адказвае на пытаньне, калі першыя студэнты змогуць пачаць заняткі ў гэтым унівэрсытэце, заяўляе, што сярод чыноўнікаў ёсьць варожая да беларушчыны група, і тлумачыць, навошта хадзіў на «Вялікую размову» з Лукашэнкам.
Сьцісла:
- Сярод чыноўнікаў ёсьць варожая да беларушчыны група, якая сьпіць і бачыць, каб хутчэй увайсьці ў Расею
- Паводле ўсіх прыкметаў, улада чалавека, які цяпер 25 гадоў кіруе, неўзабаве скончыцца.
- За тымі, хто выкопваў крыжы ў Курапатах, стаяць крэатуры Расеі.
Перашкоды ўнівэрсытэту вылазяць як чэрці з балота
— На якой стадыі цяпер падрыхтоўка да пачатку навучальнай дзейнасьці ў Беларускім нацыянальным унівэрсытэце імя Гілевіча?
— З аднаго боку, унівэрсытэт ужо пачаў сваю дзейнасьць летась 24 верасьня, калі адкрыў першыя ў Менску беларускамоўныя падрыхтоўчыя курсы для падлеткаў і дарослых. У траўні адбыўся першы выпуск навучэнцаў курсаў, іх скончыла больш за 50 чалавек. Мы рыхтавалі вучняў ад 6 да 11 клясы, і ў падрыхтоўцы да тэстаў, і ўвогуле дзеля падвышэньня іхніх ведаў. Фізыка, матэматыка, гісторыя, польская, ангельская, нямецкая мова — празь беларускую мову. Выкладчыкі былі самага высокага ўзроўню — ад дактароў, кандыдатаў навук да настаўнікаў вышэйшай катэгорыі.
Такім чынам, унівэрсытэт пачаў рэальна дзейнічаць 24 верасьня, першыя заняткі правёў Уладзімер Арлоў. Што да іншых плянаў — то мы працуем зараз над атрыманьнем ліцэнзіі. Калі ўсё будзе добра, то ў верасьні 2020 году ўжо прыйдуць і першыя студэнты ў наш унівэрсытэт.
— Якая сытуацыя з гэтай ліцэнзіяй? Алена Анісім у некаторых інтэрвію распавядала пра пэўныя бюракратычныя перашкоды.
— Так, чым болей мы працуем, тым болей гэтых перашкодаў зьяўляецца. Вылазяць як чэрці з балота. Дзьве траціны ўсіх паперак мы сабралі. Цяпер зьбіраем паперкі, што нейкія фірмы, дзяржаўныя і недзяржаўныя, гатовыя ўзяць нашых выпускнікоў на практыку. Ходзім, зьбіраем, па самых розных спэцыяльнасьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці прыжыўся б у Беларусі ўкраінскі моўны закон? 5 прапановаў на карысьць беларускай мовыІ самае складанае — вучэбна-мэтадычныя комплексы. Мы абавязаныя прадставіць інфармацыю, што калі ня маем падручнікаў на беларускай мове з грыфам Міністэрства адукацыі, то прадстаўляем вучэбна-мэтадычны комплекс. А гэта велізарная праца, да канца чэрвеня мы хочам мець 18 такіх комплексаў.
І тады мы будзем падаваць паперы на першую стадыю атрыманьня ліцэнзіі. Стадыяў такіх дзьве. Спачатку мы павінны падаць на адмысловыя Рады пры БДУ ды іншых унівэрсытэтах, потым нясем у Міністэрства адукацыі. Што да памяшканьняў, то ў нас ужо ёсьць згода ад тых, хто можа даць нам памяшканьні пасьля атрыманьня ліцэнзіі.
— Як бы вы ацанілі стаўленьне чынавенства да ідэі стварэньня ўнівэрсытэту — гэта нэўтралітэт, спрыяньне ці перашкоды?
— Наша грамадзтва і чынавенства падзелена на тры групы. Першая — гэта варожая да беларушчыны група, якая сьпіць і бачыць, каб хутчэй увайсьці ў Расею. І калі мы трапляем на такіх — то атрымліваем самыя велізарныя перашкоды. Другая група сярод чынавенства, якія паважаюць мову і культуру — ад тых ідзе поўная падтрымка. Але, на жаль, большасьць чыноўнікаў — проста абыякавыя людзі, якія ня хочуць працаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гібрыдная беларусізацыя ЛукашэнкіІ яшчэ ёсьць канкурэнты. Гэта тыя дзяржаўныя ўнівэрсытэты, якія самі хочуць мець гэтых платных студэнтаў, і зь іхняга боку ёсьць пэўныя перашкоды. Мы, дарэчы, хочам зрабіць плату за навучаньне меншую, чым у іншых прыватных ВНУ. У Беларусі ёсьць 9 прыватных унівэрсытэтаў, і ва ўсіх студэнты плацяць грошы. І ўсё залежыць ад прэстыжнасьці — выкладчыкаў, магчымасьці знайсьці працу з гэтым дыплёмам і гэтак далей.
— Вы казалі, што вашыя курсы скончылі 50 чалавек. Няма ніякіх абмежаваньняў з гледзішча колькасьці студэнтаў?
— Не, можа навучацца хоць адзін чалавек. Колькасьць студэнтаў у прыватных унівэрсытэтах не вызначаецца нейкімі нарматывамі. Калі гэта дзяржаўны — там ёсьць нарматывы. Мы хочам, каб у нашых групах было 10–12, максымум 15 студэнтаў. Бо калі іх больш за 20 — узровень адукацыі рэзка падае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Пуцін дараваў Лукашэнку за Крым. Венядзіктаў пра аб’яднаньне Беларусі і Расеі, Бабіча і крыжалом у КурапатахНад намі вісіць дамоклаў меч расейскай анэксіі
— Вашы кантакты, у тым ліку з чыноўнікамі, ваш аналіз палітычнай сытуацыі ў краіне, надыход перапісу, які адбудзецца сёлета — як, па-вашаму, зыходзячы з усяго гэтага можна ахарактарызаваць стаўленьне дзяржаўных структураў да беларусізацыі?
— Частка дзяржаўных структураў у разгубленасьці. Ці будзе анэксія з боку Расеі, выстаім мы ці не. Зразумела, што на анэксаванай тэрыторыі ніякіх беларускамоўных унівэрсытэтаў ці нават школаў ня будзе. Паглядзіце, колькі ўкраінскіх школаў засталося ў Крыме пасьля анэксіі — фактычна ніводнай.
Над намі вісіць дамоклаў меч расейскай анэксіі. І гэта адчуваецца ў кожнай канторы, куды б я ні зайшоў. І, канечне, лёс унівэрсытэту цалкам ад гэтага залежыць.
Я лічу, што мы адаб’емся. І тады ўзьнікае пытаньне нумар два — хто будзе кіраваць краінай? Паводле ўсіх прыкметаў, улада чалавека, які зараз 25 гадоў кіруе, неўзабаве скончыцца. І гэта адчуваецца — і па паводзінах чыноўнікаў, і па паводзінах самога гэтага чалавека.
Таму нашая мэта — зрабіць усё, каб зь першага верасьня можна было пачаць вучобу. Калі ўсё гатова, то ўступаюць «вышэйшыя сілы», як у 1991 годзе. Вы памятаеце, тады з апазыцыі сьмяяліся, нашыя законы выкідалі ў сьметніцу — хоць мы пісалі іх дзень і ноч. А потым наступіў «момант ікс», мы дасталі са сьметніцы гэтыя законы, і іх адразу прынялі пераважнай большасьцю.
Я спадзяюся, што да верасьня ў мяне па трох факультэтах будзе ўсё гатова. А калі ўсё гатова, то ў момант Ікс, можа, пры новай уладзе наш унівэрсытэт адразу становіцца дзяржаўным. І тады здымаюцца ўсе пытаньні па платным навучаньні.
— Ваш удзел у «Вялікай размове з прэзыдэнтам» выклікаў шмат неадназначных камэнтароў, вас крытыкавалі, з вас іранізавалі. Як вы цяпер, празь некалькі месяцаў, ацэньваеце свой прыход на гэтую прэсавую канфэрэнцыю?
— Я заўжды быў прыхільнікам падыходу, што калі запрашаюць, то трэба ўдзельнічаць. Самая галоўная мэта майго ўдзелу была — паглядзець сытуацыю зь незалежнасьцю. І там было падкрэсьлена, першай асобай і ўсімі астатнімі, што ў Расею мы ісьці ня хочам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк патлумачыў, ці варта «аб’ядноўвацца з д’яблам» дзеля БеларусіПотым была вайна з Бабічам, і гэтую вайну Лукашэнка выйграў. Ніхто ня думаў адпачатку, што Бабіча адклічуць. Але ў выніку Бабіч паехаў у Расею «несолоно хлебавши». Потым адбыўся адкат, з Курапатамі. Ён паказаў, што сярод чыноўнікаў ёсьць група, якая справакавала разгром курапацкіх крыжоў. Я не сумняваюся, што за тымі, хто выкопваў крыжы ў Курапатах, стаяць крэатуры Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьнікае расейская мова зь менскіх шыльдаў, як сказаў пуцінскі міністар? НаадваротЯны выступаюць супраць усяго беларускага. Толькі міністар культуры Расеі заявіў, што ў нас шмат беларускіх шыльдаў — здымаюць шыльды «хуткасны рэжым». Аднак — прайшоў месяц, і я бачу, што зьявіліся сотні новых беларускіх шыльдаў. Бо набліжаюцца Эўрапейскія гульні, я хаджу па вакзале і бачу, што беларускамоўныя і англамоўныя новыя шыльды растуць як грыбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надпіс пра хуткасны рэжым, які абурыў Лукашэнку, пераклалі на расейскуюПакуль што і першая асоба, і астатнія выступаюць за незалежнасьць. Ці вытрымаюць яны, ці не здадуцца, не здадуць Беларусь — цяжка сказаць. І, канечне, наш унівэрсытэт — гэта вялікая цагліна ў захаваньні незалежнасьці Беларусі.