Кліп гурту Shuma, прысьвечаны ЛГБТ-дзецям, стаў прызэрам фэстывалю ў Бэрліне

Заснавальніца гурту Shuma — Руся, архіўнае фота

Праца ўзяла «бронзу» на міжнародным фэстывалі музычнага відэа Berlin Music Video Awards — 2019 у катэгорыі Best Narrative.

Кліп гурту Shuma на песьню «Хмаркі» здымала ўкраінская кампанія Tabasco, 29 траўня ў сваім акаўнце на Facebook прадстаўнікі кампаніі паведамілі, што праца Shuma ўзяла на Music Video Awards — 2019 «бронзу» у катэгорыі Best Narrative (найлепшы аповед).

Сюжэт відэа заснаваны на гісторыі трансгендэрнай дзяўчыны Валерыі Шэндэр зь Менску. Па словах заснавальніцы праекту Shuma Русі, ёй трапілася інтэрвію дзяўчыны-транссэксуалкі Леры Шэндэр. Уражаная ім, Руся задумалася, як ёй падтрымаць уразьлівыя групы людзей. Так нарадзілася ідэя кліпа, сцэнар да якога прапанаваў крэатыўны дырэктар Tabasco Аляксандар Сьмірноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Shumа зьняла кліп, прысьвечаны бацькам ЛГБТ-дзяцей. ВІДЭА

Летась у лістападзе гурт Shuma і Кампанія памяці Мішы Пішчэўскага запусьцілі флэшмоб #superparents. Гэта кампанія ў падтрымку бацькоў ЛГБТ+ дзяцей.

«Справа Пі» — грамадзкая кампанія, названая так у памяць пра бізнэсоўца, гея Міхаіла Пішчэўскага. У траўні 2014-га на выхадзе з гей-вечарыны ён быў жорстка зьбіты Дзьмітрыем Лукашэвічам. Больш як праз год, пасьля працяглай комы, Пішчэўскі памёр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як бы я ні хаваўся, вы будзеце мяне зьневажаць», — як быць ахвярай гамафобіі ў Беларусі