У Крамлі зьвярнулі ўвагу на апошняе апытаньне Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, згодна зь якім рэйтынг даверу да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна зьнізіўся да гістарычнага мінімуму, але чакаюць з гэтай нагоды тлумачэньняў ад сацыёлягаў. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў.
Паводле Пяскова, «ёсьць шмат розных рэйтынгаў», і калі паводле аднаго зь іх давер да Пуціна ўпаў, то, згодна зь іншым электаральная падтрымка прэзыдэнта наадварот вырасла. Прэс-сакратар прэзыдэнта падкрэсьліў, што ў Крамлі чакаюць «аналізу паважаных спэцыялістаў аб тым, як можа падаць узровень даверу, але расьці электаральны рэйтынг».
Пры гэтым заяве Пяскова супярэчаць вынікі красавіцкага дасьледаваньня «Левада цэнтру», згодна зь якім электаральны рэйтынг Пуціна таксама ўпаў: у красавіку за дзеючага прэзыдэнта гатовыя былі галасаваць 55 адсоткаў расейцаў, што на 15 працэнтаў менш, чым годам раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усерасейскі сацыялягічны цэнтар: Рэйтынг даверу да Ўладзіміра Пуціна абнавіў гістарычны мінімумПяскоў таксама пракамэнтаваў новыя дадзеныя Расейскага статыстычнага камітэту, якія сьведчаць пра падзеньне даходаў насельніцтва. У канцы траўня ведамства апублікавала вынікі дасьледаваньня «Даходы, выдаткі і спажываньне хатніх гаспадарак» за апошні квартал 2018 году. Згодна з дакумэнтам, амаль кожнаму другому расейцу хапае грошай толькі на ежу і вопратку — іншыя тавары ён дазволіць сабе ня можа.
Пяскоў заявіў, што гэты «працэс выклікае занепакоенасьць». Пры гэтым ён дадаў, што «не заўсёды можна зразумець тую ці іншую інфармацыю» і заклікаў «з асьцярогай ставіцца да статыстычных дадзеных». Паводле яго, часам карэкціроўка паказчыкаў адбываецца «проста на наступны дзень».
- 25 траўня Ўсерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі апублікаваў вынікі сацыялягічнага апытаньня, згодна зь якім Пуціну давяраюць толькі 31,7% расейцаў. Гэта мінімальны паказьнік ад моманту пачатку правядзеньня такіх апытаньняў цэнтрам. У 2015 годзе кіраўнік Цэнтру Валеры Фёдараў распавядаў, што на той момант гістарычны мінімум рэйтынгу даверу да Пуціна складаў 45 адсоткаў. Ён быў зафіксаваны ў сакавіку 2005 года пасьля манэтызацыі ўрадам ільгот.
- Экспэрты неаднаразова адзначалі, што давер да прэзыдэнта пачаў зьніжацца ад лета 2018 году на тле павышэньня пэнсійнага ўзросту, павелічэньня падатку на даданую вартасьць і падзеньні рэальных даходаў насельніцтва.
- Валеры Фёдараў, камэнтуючы вынікі апытаньня, спачатку заявіў, што прычына нізкага рэйтынгу Пуціна зьвязаная з тым, што насельніцтва ня верыць у паляпшэньне ўзроўню жыцьця. Аднак пазьней ён напісаў, што падае не давер да прэзыдэнта, а частата згадак Пуціна ў сьпісе палітыкаў, каму давяраюць расейцы, паабяцаўшы растлумачыць гэты фэномэн у наступнай справаздачы.