Вярхоўная Рада Ўкраіны не падтрымала адстаўку прэм’ер-міністра Гройсмана

Уладзімір Гройсман

Вярхоўная рада Ўкраіны не падтрымала адстаўку прэмʼер-міністра Ўладзіміра Гройсмана. За адстаўку прагаласавалі 97 дэпутатаў. Для прыняцьця рашэньня было неабходна 226 галасоў.

Як адзначаюць украінскія СМІ, перад галасаваньнем Гройсман заявіў, што ніколі не трымаўся за сваю пасаду, але і не пазьбягаў адказнасьці. Прэм’ер заўважыў, што на тле размоваў пра дэфолт ва Ўкраіне галоўная задача ўраду — не дапусьціць крызысу ў краіне.

Супраць адстаўкі Гройсмана выступілі фракцыі Блёк Пятра Парашэнкі і «Народны фронт». За адстаўку галасавалі Радыкальная партыя, Апазыцыйны блёк і «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: прэм’ер-міністар, кіраўнік СБУ і міністар абароны абвясьцілі аб адстаўцы

У Блёку Пятра Парашэнкі заявілі, што ва ўмовах распушчанай Вярхоўнай рады і будучых пазачарговых выбараў, адстаўка прэмʼер-міністра можа прывесьці да поўнага хаосу. У сваю чаргу Юлія Цімашэнка сказала, што праца ўраду Гройсмана прывяла да тупіковай эканамічнай сытуацыі і Вярхоўнай радзе варта было б зацьвердзіць адстаўку прэмʼера.

Гройсман падаў у заяву аб сыходзе 23 траўня. Яго папрасіў аб гэтым прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў дзень сваёй інаўгурацыі.