Арыштаванага Джуліяна Асанжа перавялі ў турэмны шпіталь

Джуліян Асанж

Заснавальнік сайту WikiLeaks Джуліян Асанж пераведзены ў турэмны шпіталь. Пра гэта паведамляецца на старонцы WikiLeaks у Твітэры.

Паводле арганізацыі, стан здароўя Асанжа пагоршыўся за сем гадоў знаходжаньня ў консульстве Эквадору ў Лёндане. Але пасьля арышту аўстралійца і пераводу ў турму ён рэзка схуднеў і яму стала яшчэ горш. У паведамленьні WikiLeaks сьцьвярджаецца, што адвакат Асанжа ня змог правесьці зь ім «нармальнай размовы», калі сустрэўся зь ім на мінулым тыдні.

«Рашэньне кіраўніцтва турмы перавесьці яго ў шпіталь кажа само за сябе», — пракамэнтавалі сытуацыю ў арганізацыі.

30 траўня Джуліян Асанж павінен быў зьявіцца на допыт у справе аб сваёй экстрадыцыі ў ЗША. Там аўстраліец абвінавачваецца ў шпіянажы, за што можа атрымаць пажыцьцёвы турэмны тэрмін. У выпадку выдачы яго таксама могуць прысудзіць да сьмяротнага пакараньня, заяўлялі раней у WikiLeaks.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікабрытаніі Асанжа асудзілі на год турмы


Асобнае расьсьледаваньне супраць заснавальніка WikiLeaks вядуць праваахоўныя органы Швэцыі. У гэтай краіне Асанжу закідаюць згвалтаваньне. Допыт перад швэдзкім судом у гэтай справе прызначаны на 3 чэрвеня.

  • Асанж ў 2012 годзе схаваўся ў пасольстве Эквадору ў Лёндане, каб пазьбегнуць выдачы ў Швэцыю. У красавіку сёлета эквадорскія ўлады пазбавілі Асанжа прытулку і выдалі брытанцам. Цяпер ён адбывае ў брытанскай турме тэрмін 50 тыдняў за парушэньне ўмоваў вызваленьня пад заклад.
  • Заснавальнік WikiLeaks заўсёды заяўляў, што асьцерагаецца менавіта экстрадыцыі ў Злучаныя Штаты, дзе, як ён сьцьвярджае, яго могуць засудзіць паводле больш сур’ёзных абвінавачваньняў. У WikiLeaks лічаць аднаўленьне справы ў Швэцыі вынікам «палітычнага ціску».