Больш «Лалітаў», «Працэсаў» і «Ўлісаў», калі ласка!

Марыя Мартысевіч, ляўрэатка прэміі «Кніга году 2019» за паэтычны зборнік «Сарматыя»

Гэты тэкст напісаў Томаш Камусэля (Tomasz Kamusella), польскі навуковец, які працуе ў Сэнт-Эндрускім унівэрсытэце ў Шатляндыі і займаецца моўнай палітыкай у Цэнтральнай Эўропе, тэорыяй нацыяналізму, соцыялінгвістыкай ды этнічнымі меншасьцямі. У дадатак да гэтага — ён аматар і ўдумлівы чытач беларускай літаратуры. Тэкст арыгінальна пісаўся па-ангельску для эўрапейскага чытача, але я думаю, што ён будзе цікавы і беларусам. Як нашу літаратуру і наш лёс бачаць у Эўропе? Чым мы цікавыя для людзей на Захадзе? Гэты тэкст мог бы мець загаловак «Under Western Eyes», як адзін з раманаў Джозэфа Конрада. Але я пакінуў у перакладзе загаловак, прапанаваны аўтарам. (Ян Максімюк)

Кім Чжун Хо (alias Сяргей Прылуцкі) «Патрыятызм для чайнікаў»; выдавецтва «Логвінаў», Вільня-Менск 2016.

Марыя Мартысевіч «Сарматыя»; выдавецтва «Янушкевіч», Менск 2018.

Добрая літаратура ніколі не спадабаецца ўладзе

Альгерд Бахарэвіч, enfant terrible сучаснай беларускай літаратуры і на гэты момант яе найбольш актыўны ды рэпрэзэнтатыўны прадстаўнік і заступнік, кажа, што меркай вялікай літаратуры зьяўляецца яе незвычайнасьць і нечаканасьць. Яна таксама павінна супрацьстаяць правілам добрага тону і выходзіць па-за рамкі надзённага ў грамадзкім і палітычным жыцьці. Такім чынам, добрая літаратура ніколі не спадабаецца ўладзе. І беларуская літаратура зможа выжыць, калі яна будзе біць паміж вачэй чытачу і дзяржаўнаму цэнзару, выклікаючы гнеў, непрыманьне, недавер і кучу іншых супярэчлівых пачуцьцяў. Яна павінна ашаламляць.

Ніхто не заклікаў пісаць больш «Улісаў» у Ірляндыі

Як трапна заўважае Бахарэвіч, пасьля публікацыі «Лаліты» Ўладзіміра Набокава ніхто не заклікаў пісаць больш раманаў падобнага тыпу ў Злучаных Штатах. Як, дарэчы, ніхто не заклікаў пісаць больш «Працэсаў» у Чэхаславаччыне і Аўстрыі або больш «Улісаў» у Ірляндыі і Вялікабрытаніі. Франца Кафку адкрылі толькі пасьля сьмерці пісьменьніка, калі на ягоную творчасьць глянулі праз прызму разьні ў Другой сусьветнай вайне і Галакосту. Хаця Джэймс Джойс набыў славу пад канец свайго жыцьця, ён вырашыў ніколі не вяртацца ў не сваю Ірляндыю, якая задыхалася ад убоства нацыяналізму, традыцыяналізму і патрыярхальнасьці пасьля таго, як аддзялілася ад Брытаніі ў выніку крывавай грамадзянскай вайны.​

Сяргей Прылуцкі — 38-гадовы беларускі паэт, празаік і перакладчык (перакладае з ангельскай, польскай, украінскай). Пасьля «Рэвалюцыі годнасьці» ва Ўкраіне Прылуцкі пераехаў у Кіеў у пошуках творчай свабоды. Яго крамольны зборнік паэзіі «Патрыятызм для чайнікаў» выкарыстоўвае і адначасова падкопвае міжнародную зацікаўленасьць Паўночнай Карэяй, якая не абмінула нават цяперашняга прэзыдэнта ЗША. Два Rocketman’ы, адзін малы і другі вялікі, разумеюць адзін аднаго і падабаюцца адзін аднаму больш, чым народы краінаў, якім яны «служаць».

Кніга Прылуцкага прапануе зазірнуць у гэты дзівосны новы сьвет постхэльсынскай Эўропы

Гэты паэтычны зборнік пададзены як «збор твораў» памерлага паўночнакарэйскага паэта Кім Чжун Хо, які ў свае 25 гадоў загінуў у паўночнакарэйскім канцлягеры (ці больш адэкватна: лягеры сьмерці). Праўдападобна, ён закончыў жыцьцё ў 2014 годзе, калі Расея анэксавала Крым, пачала вайну супраць Украіны і захапіла частку яе тэрыторыі на ўсходзе. Гэтым авантурысцкім (нэаімпэрскім?) дзеяньнем Крэмль падарваў нормы непарушнасьці міжнародных межаў у Эўропе, устаноўленыя савецкім блёкам і Захадам у Хэльсынкі ў 1975 годзе. Кніга Прылуцкага прапануе зазірнуць у гэты дзівосны новы сьвет постхэльсынскай Эўропы, замаскаваны пад Паўночную Карэю. Паэт бярэ такія тэхнічныя і прапагандысцкія тэрміны як «зачыстка», «татальны тэрор», «палітычны пратэст», «сьмяротнае пакараньне», «ядзерны рэактар», «інтэлігенцыя», «расьсьледаваньне», «страсеньне мозгу», «Бацькаўшчына» ці «акупацыя» і стварае зь іх уражальную карціну ўціску і гвалту, якія перамолваюць чалавека ў пыл.

Галоўны герой зборніка — яго меркаваны паўночнакарэйскі аўтар, Кім Чжун Хо, чыё імя цьмяна нагадвае імя адной недаўгавечнай зоркі поп-музыкі з Паўднёвай Карэі. Прылуцкі дакумэнтуе шлях Кіма са школьных гадоў у юнацтва і маладосьць, які той праходзіць, строга прытрымліваючыся партыйнай лініі і змагаючыся з аднагодкамі за выжываньне ў рэчаіснасьці без свабоды, — рэчаіснасьці, у якой ад галоднай сьмерці ратуе толькі непахісная адданасьць камуністычнай партыі.

Дзяржаўныя ўніформы не замінаюць нараджацца халоднай сэксуальнай пажадлівасьці

Гвалт, сьмерць і здрада зьяўляюцца нормай, якую можна абярнуць на сваю карысьць толькі сілай і ідэалягічнай стойкасьцю, асабліва калі табе спрыяе сьляпы лёс. Гэта мужчынскі, патрыярхальны сьвет, у якім жанчыны, апранутыя ў вырабленыя дзяржавай уніформы, павінны паводзіць сябе як мужчыны. Аднак і гэтыя дзяржаўныя ўніформы, ці то на настаўніцы, ці то на аўтаінспэктарцы, не замінаюць нараджацца халоднай сэксуальнай пажадлівасьці ў галаве Кім Чжун Хо. Жыцьцё заўсёды канчаецца яшчэ да таго, як насамрэч пачнецца, асабістыя жаданьні трэба стрымліваць, бо інакш іх палічаць здраднымі, такімі, што не адпавядаюць пяцігадоваму партыйнаму пляну. Таму «народная сякера» або «народная куля» абрываюць жыцьцё пасьлядоўніка «няправільнага, антынароднага шляху» і «хворага індывідуалізму».

Поўны кантроль кіраўніка над народам, сьмерць ад голаду і атамізацыя грамадзтва добра адлюстроўваюць тое, што сусьветная грамадзкасьць «ведае» пра Паўночную Карэю. Але запамінальная карціна, якая вымалёўваецца ў гэтым паэтычным зборніку, можа адносіцца да любога таталітарнага рэжыму. Уважлівы чытач зь некаторых намёкаў заключыць, што вершы могуць адносіцца і да лукашэнкаўскай Беларусі. У вершы «Любоў» жонка Кім Джун Хо, «багіня сьмерці з вышэйшай адукацыяй», вучыць расейскай літаратуры ў школе. Няма патрэбы ў беларускай мове, нават у Паўночнай Карэі.

Марыя Мартысевіч, на два гады маладзейшая за Прылуцкага, таксама заўважна выдзяляецца ў беларускай паэзіі. І яна таксама займаецца літаратурнымі перакладамі на беларускую мову — з чэскай, ангельскай, польскай, расейскай і ўкраінскай. Яе вершы менш неспакойныя і драпежныя, але ня менш праніклівыя і мускулістыя, да таго ж — яны поўняцца вытанчанай кінэматаграфічнай вобразнасьцю.

Мартысевіч расказвае гісторыю больш плаўна

Мартысевіч расказвае гісторыю ў сваім зборніку больш плаўна, менш фрагмэнтарна, у трыццаці песьнях, як і належыць клясычнай тэме Сарматыі. Назва, як трэба меркаваць, адносіцца да Вялікага Княства Літоўскага, чыю гісторыю і культуру сёньняшнія беларусы ўспрымаюць як сваю ўласную. Вялікае Княства Літоўскае і Польская Карона некалі ўтваралі Рэч Паспалітую. Шляхта і магнаты гэтай электаральнай манархіі лічылі сябе нашчадкамі гордых іранскіх ваяроў, сарматаў, у адрозьненьне ад «простых і цёмных» славянскіх прыгонных сялянаў, якія былі вымушаныя працаваць бясплатна на палях сваіх паноў ажно да 1860-х гадоў.

Яна перш за ўсё займаецца пошукамі каханьня

Галоўная гераіня зборніка Алаіза — свабодалюбная жанчына незалежных сродкаў, якая ажыцьцяўляе сваю мару наведаць Сарматыю. Яна едзе з Італіі ў Вялікае Княства і запісвае свае ўражаньні ў форме паэтычных мэмуараў. Уважліва назіраючы за новым навакольлем, яна перш за ўсё займаецца пошукамі каханьня. Не рэлігія ў Вялікім Княстве, а палітычныя і эканамічныя меркаваньні вызначаюць тое, хто жэніцца з кім. Элаіза як чужаземка зь меркаваным высакародным статусам цураецца канвэнцыяў і кахае паводле свайго выбару, каго і калі захоча. Сьнег, холад, бяскрайнія лясы і усюдыісная гразь робяць падарожжа павольным і цяжкім выпрабаваньнем, якое, на шчасьце, патрабуе працяглых перапынкаў па дарозе, што дазваляе Алаізе спакушаць сармацкіх мужчын. У лістах (песьнях) да сваёй сястры яна апісвае ня толькі вялізную дзяржаву ды яе знакамітую сталіцу Вільню, але і пагромы габрэяў.

Яна называе шляхту Вялікага Княства «марсіянамі»

Алаіза ўсьведамляе сабе, што сарматы як народ належаць да старажытнасьці. Таму яна называе шляхту Вялікага Княства «марсіянамі», то бок ваяўнічымі сынамі Марса. У іх няма іншага выбару як удасканальваць сваё вайсковае ўмельства, таму што «зомбі», або маскавіты, увесь час пагражаюць іх землям. Гэта гульня са словамі і сэнсамі паказвае, што гісторыя ў зборніку датычыць ня толькі Вялікага Княства, але і сучаснай Беларусі, асабліва калі Элаіза згадвае пра ўяўнае мора сарматаў, якое існуе толькі ў іхных галовах. У першай песьні Алаіза радуецца, што ў Сарматыю можна ехаць бязь візы. Гэты відавочны анахранізм намякае на бязьвізавы рэжым, які Эўразьвяз усталяваў з Украінай у 2017 годзе, але не прапанаваў яго Беларусі.

Алаіза была не шляхецкага, але плебэйскага паходжаньня

Сястра Алаізы хоча далучыцца да яе ў гэтай Сарматыі прыгожых шляхцюкоў, але Алаіза адмаўляе яе ад такога доўгага і цяжкага падарожжа. Выявілася, што Алаіза была не шляхецкага, але плебэйскага паходжаньня, наступіла на мазоль нейкай раўнівай сармацкай шляхцянцы, і яе абвінавацілі ў вядзьмарстве з прычыны яе прыгажосьці, незалежнасьці і разбэшчанасьці. І пакаралі — спаленьнем на вогнішчы. Алаіза кажа, што яна будзе гарэць, як «тая Галя», якая сустрэла сваю сьмерць у полымі «прывязаная да сасны». Гэта спасылка на меркаваную народную песьню аб прыгоннай дзяўчыне, якую спалілі, бо яна не аддалася свайму пану. Гэтая песьня зьяўляецца галоўным лейтматывам фэмінісцкага раману «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча, які, магчыма, натхніў Мартысевіч на паэтычны аповед пра Алаізіна каханьне без узаемнасьці да Сарматыі.

Пах яе паленага цела будзе нагадваць яму пра сябе кожны раз, калі ён будзе гатаваць мясную страву

У апошняй, трыццатай песьні Алаіза абяцае сармацкаму каханку, які ня змог яе выратаваць, што пах яе паленага цела будзе нагадваць яму пра сябе кожны раз, калі ён будзе гатаваць мясную страву. Вуснамі свае сьмелае гераіні Мартысевіч абвінавачвае сучасныя беларускае і эўрапейскае грамадзтвы ў працягу патрыярхальнай мэнтальнасьці, якая прыніжае жанчын і нават дазваляе іх беспакарана забіваць. Паэтка такім чынам становіцца спадкаемніцай першай сьвядомай беларускамоўнай пісьменьніцы, Алаізы Пашкевіч, вядомай у беларускай літаратуры як «Цётка». Яна была актыўная на пачатку ХХ стагодзьдзя, і яе можна назваць першай беларускай фэміністкай.

Томаш Камусэля

Я ўпэўнены, што ні прыгажосьць паэзіі, ні відавочная вынаходлівасьць і кінэматаграфічнасьць вобразнасьці Мартысевіч і Прылуцкага не прынясуць ім афіцыйнай прэміі ці афіцыйнага прызнаньня ў лукашэнкаўскай Беларусі. Ні адзін дзяржаўны службовец у афіцыйнай сфэры беларускай культуры ня стане заклікаць да таго, каб у беларускай літаратуры зьявілася больш «Сарматый» і больш «Патрыятызмаў для чайнікаў». Але любому чытачу ва ўсім сьвеце, незалежна ад таго, ці ведае ён нешта пра Беларусь і яе гісторыю, напэўна спадабаюцца гісторыі, расказаныя ў гэтых двух паэтычных зборніках і пабудаваныя на ўнівэрсальных сэнсах і ідэях. Усе хочуць любові і баяцца ўціску, дзе б яны ні жылі ў гэтым сьвеце. І гэты ўнівэрсальны пасыл, у сваю чаргу, зьяўляецца найлепшай рэкамэндацыяй для беларускай літаратуры і мовы, надзеяй ня толькі на іх выжываньне, але і на росквіт у найменш спадзяваных закутках, калі ўлада глядзіць у іншы бок.

Томаш Камусэля

(пераклаў з ангельскай Ян Максімюк)

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.