Роўна празь месяц пасьля прысягі ізраільскі Кнэсэт (парлямэнт) прыняў рашэньне аб самароспуску, што прывядзе да новых выбараў, паведамляе Jerusalem Post.
Дзейнаму прэм’ер-міністру Біньяміну Нэтаньягу ўпершыню ў гісторыі краіны не ўдалося сфармаваць кааліцыю ў адведзены тэрмін. У ходзе галасаваньня 74 парлямэнтары прагаласавалі за роспуск Кнэсэту, супраць — 45.
Да галасаваньня Нэтаньягу патлумачыў сябрам сваёй партыі «Лікуд», што так і ня змог узгадніць умовы фармаваньня кааліцыі з партыяй «Наш дом Ізраіль» Авігдора Лібэрмана. Спроба Нэтаньягу дамовіцца зь іншымі партыямі аб кааліцыі таксама пацярпела няўдачу.
Прэзыдэнт Ізраілю Рэувэн Рыўлін раней казаў, што гатовы зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць новых выбараў. Аднак партыя «Лікуд» ініцыявала галасаваньне аб самароспуску парлямэнту, каб ня даць прэзыдэнту магчымасьці паспрабаваць сфармаваць урад без Нэтаньягу і яго прыхільнікаў.
Новыя выбары прызначаныя на 17 верасьня. Партыя «Лікуд», лідэрам якой зьяўляецца Нэтаньягу, абвясьціла, што возьме ў іх удзел. Нэтаньягу застанецца дзейным прэмʼер-міністрам да галасаваньня ў верасьні. У ліпені ён пабʼе рэкорд працягласьці працы на пасадзе прэмʼер-міністра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я буду прэм’ерам усіх ізраільцян»: Нэтаньягу ўзначаліць урад Ізраіля ў рэкордны пяты разПарлямэнцкія выбары ў Ізраілі прайшлі 9 красавіка, выбарчая камісія Ізраілю афіцыйна абвясьціла аб перамозе партыі Нэтаньягу. Праблема для Нэтаньягу палягала ў тым, што для стварэньня кіроўнай кааліцыі яму была неабходна падтрымка ультраправай партыі, адразу некалькіх партый, якія прадстаўляюць інтарэсы рэлігійных габрэяў, а таксама партыі Лібэрмана, адзначае ВВС.
Лібэрман і ягоная партыя «Наш дом Ізраіль» ужо ня раз уваходзілі ў кіроўную кааліцыю пад кіраўніцтвам Нэтаньягу. Ва ўрадзе Лібэрман займае пасаду міністра абароны. Але цяпер ён і яго партыя пазыцыянуюць сябе як абаронцаў больш сьвецкіх слаёў грамадзтва і патрабуюць, каб ультраартадаксальныя габрэі служылі ў войску на агульных падставах. Рэлігійныя партыі гэтаму рэзка пярэчаць, бо лічаць, што галоўная задача мужчын — вывучаць Сьвятое Пісаньне ды іншыя рэлігійныя тэксты, а жанчынам у арміі наогул ня месца.
Лібэрман настойвае, што Кнэсэт ужо прыняў у першым чытаньні закон аб прызыве ў войска рэлігійных габрэяў, і прыйшоў час яго ўвасобіць у жыцьцё, ад чаго адмаўляецца Нэтаньягу.
Апазыцыя заявіла, што ў такім выпадку ёй варта даць шанец сфармаваць сваю ўласную кааліцыю, але партыя Нэтаньягу аддае перавагу новым выбарам.
Апошні тэрмін для стварэньня кіроўнай кааліцыі скончыўся ў ноч на 30 траўня.