Гару Гедзіміна ў Вільні аднаўлялі нелегальныя рабочыя зь Беларусі

Гара Гедзіміна, Вільня

У ходзе расьсьледаваньня высьветлілася, што ў зарэгістраваных у Літве і Польшчы кампаніях, якія належаць грамадзяніну Ўкраіны, нелегальна працавалі рабочыя зь Беларусі і Ўкраіны, падраблялі дакумэнты, вялі падвойную бугальтэрыю. Пра гэта паведамляе delfi.lt.

Служба расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў Літвы падазрае, што дырэктар кампаніі мог прысвоіць 300 000 эўра. Адзін з аб’ектаў фірмы — Гара Гедзіміна, дзе былі выяўленыя парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-64 гадоў.

Вышэйзгаданая кампанія заключала дагаворы з работнікамі, каб даць іх падрадчыкам, аднак у Фонд сацыяльнага страхаваньня аб працаўладкаваньні не паведамляла, таму не плаціла падаткі на на сацыяльнае страхаваньне, ні падатак на ахову здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вежу Гедыміна далі 3 млн эўра, на Каложу і Крэўскі замак — 166 тысяч

Самі работнікі былі ўпэўненыя, што працуюць афіцыйна. Заробак рабочым плацілі наяўнымі, часта яны ставілі свае подпісы ў неафіцыйных дакумэнтах аб выплаце заробкаў. Нягледзячы на тое, што абедзьве гэтыя кампаніі куплялі рабочую вопратку, сродкі для бясьпекі, гэтыя выдаткі яны вылічвалі з заробкаў работнікаў.

На пачатку 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні здарыўся апоўзень, а неўзабаве яшчэ адзін. Паўстала пагроза, што можа не ўтрываць славутая вежа, помнік гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні вырашылі, калі перапахаваюць паўстанцаў Каліноўскага

У студзені 2017-га першымі там пачалі працаваць археолягі — літаральна празь некалькі дзён ім адкрылася пахавальная яма, у якой, згодна з пазьнейшымі антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, ляжаў Кастусь Каліноўскі. Агулам знайшлі парэшткі 21 паўстанца, адзін зь іх дагэтуль не апазнаны.