Супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю затрымалі дырэктара сэлекцыйна-гібрыднага цэнтру «Зарэчча» (Рагачоўскі раён), паведамілі Свабодзе інфармаваныя крыніцы.
Учора на партале Tut.by зьявілася інфармацыя, што ў гаспадарцы празь недахоп кармоў за травень здохлі каля 2 тысяч сьвіней.
Тэлефон кіраўніка гаспадаркі Віктара Мамурына цяпер недасяжны. У адміністрацыі селекцыйна-гібрыднага цэнтру «Зарэчча» адказваюць, што «пакуль кіраўніка няма».
«Мне пакуль нічога невядома. Супрацоўнікі УБЭЗ нічога не паведамлялі. Калі інфармацыя пацьвердзіцца, яна будзе разьмешчаная на сайце УУС», — адказаў Свабодзе выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавай службы УУС Юры Пількевіч.
У публікацыі Tut.by гаворыцца, што летась праз засуху выдаўся неўраджай збожжа. Фінансавых сродкаў гаспадаркі не хапіла, каб набыць кармы для 60-тысячнага пагалоўя сьвіней.
«У красавіку і траўні кармоў ня стала. Галадоўка канчаткова дабіла сьвіней», — скардзіліся работнікі сьвінафэрмы.
На мясакамбінаты сьвіней не прымалі, бо яны мелі малую вагу. На відэа відаць, як зьнясіленыя сьвіньні вішчаць, хістаюцца, падаюць і дохнуць.
Дырэктар прадпрыемства Віктар Мамурын тлумачыў, што атрымалася «замкнутае кола».
«Збожжа не было, сьвіньні недакормленыя, няма прыбытку, няма выручкі — і няма грошай на корм», — тлумачыў Tut.by дырэктар.