ПАРЭ: Расея праваліла расьсьледаваньне забойства Нямцова, сьледзтва трэба аднавіць

Барыс Нямцоў, 1998 год

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) заклікала Расею аднавіць расьсьледаваньне забойства Барыса Нямцова.

У адмысловым дакладзе, які падрыхтаваў член літоўскай дэлегацыі Эмануэліс Зінгерыс, гаворыцца, што праўда ў справе аб забойстве апазыцыйнага палітыка дагэтуль не ўстаноўленая. У прыватнасьці, у ходзе расьсьледаваньня не былі знойдзеныя запісы з камэр відэаназіраньня і не былі дапытаныя некаторыя відавочцы забойства. Акрамя гэтага, у ПАРЭ адзначылі супярэчнасьці ў паказаньнях асноўных сьведак, а таксама парушэньні падчас судовага разбору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў: Дадаеў не вінаваты ў забойстве Нямцова, ён — сапраўдны патрыёт Расеі

У ПАРЭ падкрэсьліваюць, што выканаўцы злачынства наўрад ці маглі забіць Нямцова без прамых указаньняў або адабрэньня з боку ўладаў. Адказнасьць за «правал расьсьледаваньня» і «адсутнасьць даверу да справы» аўтар дакладу ПАРЭ ўскладае на кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна і намесьніка генпракурора Віктара Грыня.

«У задачу Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы не ўваходзіць расьсьледаваньне і вызначэньне, хто забіў Барыса Нямцова. Аднак відавочна, што афіцыйная вэрсія, адлюстраваная ў прысудзе, заснаваная на сур’ёзных памылках расьсьледаваньня і судовага разбору і не адпавядае наяўным доказам у многіх фундамэнтальных пытаньнях», — пазначана ў дакладзе.

Апазыцыянэр Барыс Нямцоў быў забіты ля сьцен Крамля 27 лютага 2015 году. У справе аб забойстве асуджаныя пяцёра меркаваных выканаўцаў. Заказьнікі злачынства не ўстаноўленыя.