Пастановай Савету міністраў ад 25 траўня ўнесеныя некаторыя зьмены ў прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Так, некаторых выключылі зь ліку «дармаедаў», а таксама ўвялі пэрсанальную адказнасьць за дадзеныя ў «базе дармаедаў».
Цяпер, згодна з пастановай, з базы незанятых у эканоміцы выключылі:
- грамадзян, якія працуюць у замежных або міжнародных арганізацыях, на падставе інфармацыі, прадстаўленай гэтымі арганізацыямі;
- мужа\жонку тых, каго прызначылі на пасаду ў міждзяржаўны орган, прадугледжаны ў міжнародных дамовах Беларусі або рашэньнях адпаведных міжнародных органаў;
- сужэнцаў аташэ ў пытаньнях абароны пры амбасадзе Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама памочнікаў аташэ ў пытаньнях абароны, накіраваных у дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі.
Улады таксама ўвялі пэрсанальную адказнасьць за прадстаўленьне дакладнай інфармацыі для фармаваньня (актуалізацыі) базы «дармаедаў» для:
- кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіраваньня і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду,
- старшыняў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму,
- кіраўнікоў іншых арганізацый, якія падаюць такую інфармацыю.
Якое пакараньне прадугледжана за недакладную інфармацыю ў базе, у пастанове не пазначана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падатак на дармаедзтва». Як кайзэр, Хрушчоў і Лукашэнка прымушалі беларусаў працавацьТаксама мясцовым уладам даручылі забясьпечыць узаемадзеяньне вайсковых камісарыятаў з дармаедзкімі камісіямі. Яны павінны перадаваць інфармацыю пра грамадзян, якіх прызвалі і накіравалі на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзэрве: да 20 чэрвеня 2019 году — пра накіраваных для праходжаньня службы ў лютым-траўні 2019; да 20 сьнежня 2019 — па накіраваных на службу ў жніўні-лістападзе 2019.
Пастанова набывае сілу пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня 29 траўня (некаторыя асобныя зьмены — з дня яе падпісаньня).
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.