Партыя Ўладзімера Зяленскага «Слуга народу» будзе адбіраць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты на аснове заявак, пададзеных праз партыйны сайт.
Адабраныя прэтэндэнты павінныя пасьля гэтага прайсьці праверку на адпаведнасьць іх поглядаў зь лініяй прэзыдэнта і прайсьці сумоўе зь лідэрамі партыі.
Абвестка была зробленая лідэрам партыі Дзьмітрыем Разумкввым, які выступіў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з кіраўніком перадвыбарчага штабу партыі «Слуга народу» Аляксандрам Карняенкам.
Спачатку Карняенка сказаў, што ніхто зь цяперашніх заканадаўцаў ня будзе ўключаны ў партыйны сьпіс, але потым адступіў ад гэтага, заявіўшы, што кандыдатуры некаторых дэпутатаў могуць быць разгледжаныя.
Апытаньне сацыялягічнай групы «Рэйтынг», праведзенае ў гэтым месяцы, паказала, што 44% украінскіх выбаршчыкаў падтрымліваюць партыю «Слуга народу», у той час як 11% падтрымліваюць прарасейскую «Апазыцыйную плятформу – За жыцьцё», а 9% – празаходні «Блёк Пятра Парашэнкі», які нядаўна перайменаваўся ў «Эўрапейскую салідарнасьць».
Акрамя таго, на прэсавай канфэрэнцыі быў прадстаўлены новы лягатып партыі «Слуга народу»: сілуэт Зяленскага на ровары з прэзыдэнцкай булавой у руцэ. Малюнак нагадвае сцэнічнага пэрсанажа – прэзыдэнта, якога Зяленскі граў у папулярным тэлесэрыяле «Слуга народу».