Сёньня Армэнія і Азэрбайджан адзначаюць дзень незалежнасьці. Абедзьве краіны абвясьцілі незалежнасьць адначасна ў 1918 годзе, абедзьве страцілі пад ударамі Чырвонай арміі ў 1920 годзе, абедзьве аднавілі ў 1991 годзе ў выніку распаду СССР.
Стасункі Беларусі з абедзьвюма краінамі – вельмі розныя, прычым у розных вымярэньнях. У Азэрбайджане аўтарытарны рэжым панаваў і пры папярэднім прэзыдэнце Гейдары Аліеве, і пры цяперашнім лідэры, сыне Гейдара Ільхаме.
Армэнія з 1991 году была дэмакратыяй, хай і ня вельмі кансалідаванай. Летась там адбылася дэмакратычная рэвалюцыя, у выніку якой да ўлады прыйшоў лідэр рэвалюцыі Нікол Пашыньян.
Паміж Армэніяй і Азэрбайджанам ад пачатку аднаўленьня незалежнасьці існуе востры тэрытарыяльны канфлікт. Баку не кантралюе свой рэгіён – Карабах, Ерэван падтрымлівае фактычную незалежнасьць Карабаху. Апошні вайсковы канфлікт у Карабаху паміж Азэрбайджанам і Армэніяй адбыўся ў 2016 годзе.
Армэнія – чалец вайскова-палітычнага саюзу АДКБ, кіраванага Расеяй, у які ўваходзіць і Беларусь. Азэрбайджан у АДКБ не ўваходзіць, Беларусь і Азэрбайджан ня маюць фармальнага вайскова-палітычнага саюзу.
Аднак сувязі Беларусі з Азэрбайджанам як у эканамічнай, гэтак і вайскова-палітычнай сфэры больш шчыльныя, чым з Армэніяй.
Эканоміка Армэніі меншая, чым Азэрбайджану. У 2017 годзе ВУП Армэніі склаў 11.5 мільярдаў даляраў, Азэрбайджану – 41 мільярд даляраў. Імпарт тавараў у Беларусь зь дзьвюх гэтых краінаў прыкладна аднолькавы, у той жа час у 2014-2015 гадах беларускі экспарт у Азэрбайджан пераўзыходзіў экспарт у Армэнію ў 10 разоў. У 2017 годзе прапорцыя экспартных паставак з Беларусі ў гэтыя дзьве краіны прыблізна адпавядала прапорцыі ў памерах іх эканомік.
Паводле зьвестак Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблемаў сьвету (SIPRI) Беларусь даволі актыўна пастаўляе ўзбраеньні ў Азэрбайджан, інстытут адзначае пастаўкі ў 2013 годзе на 32 мільёны даляраў, у 2017 годзе – на 10 мільёнаў даляраў, летась – на 9 мільёнаў даляраў.
Хіба не самай гучнай была пастаўка Азэрбайджану супрацьракетных комплексаў «Палянэз».
Вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Менску з Баку заўсёды выклікала незадавальненьне Ерэвану, пасьля прыходу да ўлады Нікол Пашыньян неаднаразова публічна асуджаў Беларусь за пастаўкі ўзбраеньняў Азэрбайджану, расцэньваючы такі гандаль, як супярэчны саюзьніцкім абавязацельствам Беларусі ў межах АДКБ.
Аляксандар Лукашэнка ізноў жа неаднаразова адкідаў гэтыя абвінавачваньні, паводле яго беларускія пастаўкі ўзбраеньняў у Азэрбайджан адбываюцца ў поўнай адпаведнасьці зь міжнародным правам.
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў маюць добрыя асабістыя адносіны, Лукашэнка выказваў падзяку Аліеву, які дапамог Беларусі крэдытам летам 2010 году ў разгар канфлікту Беларусі з «Газпромам».
Асабістыя адносіны беларускага кіраўніка з лідэрамі Армэніі і раней былі менш добразычлівыя, чым з Аліевым. Пасьля рэвалюцыі 2018 году ў Армэніі і прыходу да ўлады Пашыньяна стасункі сталі яшчэ больш халоднымі.
Падчас саміту Эўразійскага саюзу ў 2018 годзе адбыўся даволі рэзкі дыялёг паміж Лукашэнкам і Пашыньянам, даволі працяглы час меў месца канфлікт паміж Менскам і Ерэванам наконт пасады генэральнага сакратара АДКБ. Армэнія адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава з гэтай пасады і мела намер замяніць яго іншым прадстаўніком Армэніі, Менск настойваў на прызначэньні свайго прадстаўніка – дзейнага старшыні Рады бясьпекі Беларусі Станіслава Зася.
Літаральна сёньня Пашыньян агучыў згоду на прызначэньне Зася з 1 студзеня 2020 году.