У траўні стала вядома, што зьнік адзіны ў Беларусі музэй Барыса Кіта. Імя Кіта прыбралі з назвы, хоць экспазыцыя засталася. Рэпартаж з Наваградку, дзе захаваўся найбольшы архіў, прысьвечаны «найпершаму ў сьвеце беларусу» (словы Васіля Быкава) і дзе яшчэ памятаюць усясьветна вядомага навукоўца.
«Шкоднасьці з нашага боку не было»
Сёлета мэдыя ўсхвалявала навіна — музэй Барыса Кіта ў Наваградку перайменавалі. Адзіны музэй зь імем беларуса, які дапамог амэрыканцам паляцець у космас, месьціўся ў сярэдняй школе № 1 Наваградку. Цяпер ён называецца «Вехі гісторыі».
У 2017 годзе наваградзкія школы № 1 і № 2, якія месьцяцца побач, абʼядналі, бо вучняў мала. Цяпер сюды ходзіць 350 дзяцей. У будынку, дзе была школа № 1, вучацца малодшыя клясы, дзе школа № 2 — старэйшыя.
Як расказала дырэктарка школы № 1 Ала Сталярчук, музэй абʼяднанай школы ўключыў у сябе дзьве экспазыцыі — пра Кіта і пра гісторыю школы № 2, пабудаванай у 1938 годзе. Новая назва абмяркоўвалася на паседжаньні пэдагагічнай рады.
«Гэта нашае, настаўніцкае, з павагай да ўсіх людзей, якія тут працавалі, навучаліся, укладалі душу і сэрца і ў гэтую, і ў тую ўстанову. Шкоднасьці з нашага боку ніякай не было», — тлумачыць перайменаваньне дырэктарка.
Прызнаецца, што яе крыўдзіць абмеркаваньне іхняга рашэньня ў сеціве.
«Чаму нехта намі павінен кіраваць? Мы самі дарослыя людзі», — абураецца яна.
Запэўнівае, што ўсё засталося так, як і было, ніякіх экспанатаў не пераносілі, не выкідалі. Калекцыю будуць дапаўняць.
Уваход у музэй бясплатны
Невялікі музэйны пакой, прысьвечаны Кіту, — на другім паверсе пачатковай школы. З 2000 году на будынку вісіць шыльда пра славутага земляка.
Уваход у музэй бясплатны. Але калі хто хоча туды трапіць або замовіць экскурсію, папярэджваць трэба загадзя. На ўваходзе ў школу просяць паказаць пашпарт і зарэгістравацца ў журнале.
Музэй дзейнічае з 2008 году. Са сьцяны пазірае навуковец на тле зорнага неба.
У кнізе наведваньняў запісана 320 чалавек. Пераважна сюды прыходзяць навучэнцы зь іншых вучэльняў. Іншаземцы, на памяці настаўнікаў, прыяжджалі толькі аднойчы, зь Літвы.
На стэндах — фатаздымкі, узнагароды, дакумэнты. Большасьць зь іх — копіі. Ляжаць кнігі, прысьвечаныя Кіту. Ёсьць дакумэнт, які сьведчыць, што былы дырэктар гімназіі прызнаны ганаровым грамадзянінам Наваградку.
Кіта стаў Кітом
Экскурсіі, прысьвечаныя жыцьцю і дзейнасьці Барыса Кіта, тры апошнія гады па-беларуску вядзе настаўнік гісторыі Ўладзімер Буткевіч. Часам іх праводзяць школьнікі старэйшых клясаў.
«Мы адкрылі музэй, ня толькі каб „чужыя“ хадзілі, а каб свае дзеці ведалі. Акцэнт робіцца на тое, што Кіт вельмі шанаваў і любіў беларускую мову», — тлумачыць дырэктарка.
Уладзімер Буткевіч пачынае палымяна распавядаць пра Кіта. Называе яго самым знакамітым беларусам замежжа XX–XXI стагодзьдзяў.
Некалькі фактаў з экскурсіі
Першапачаткова прозьвішча іхняга роду гучала «Кіта» з націскам на першым складзе, што значыць «ахапак сена або саломы». Падчас чарговай зьмены дакумэнтаў Барысу памылкова напісалі прозьвішча «Китъ». Пасьля рэформы правапісу апошняя літара зьнікла. Так Кіта стаў Кітом. Ягоныя сваякі па-ранейшаму маюць прозьвішча «Кіта».
Ягоны бацька Ўладзімер родам быў зь вёскі Агароднікі Наваградзкага павету. Там пэўны час жыла сямʼя Барыса. Цяпер гэта вуліца Кастрычніцкая ў пасёлку Карэлічы.
Пра адоранасьць роду Кітаў можна меркаваць па продках. Дзед Барыса Кіта ўладкаваўся рабочым да графа Храптовіча ў сядзібу ў вёсцы Шчорсы, але зь цягам часу яго прызначылі адміністратарам. Ягоны сын, Барысаў бацька, скончыўшы ў Санкт-Пецярбургу курсы сувязістаў, служыў па ведамстве Галоўнага ўпраўленьня пошт і тэлеграфаў.
Барыс граў на скрыпцы. Добра маляваў і пазьней вучыўся мастацтву ў Язэпа Драздовіча. Быў добрым спартоўцам, спраўна гуляў у футбол. Быў найлепшым вучнем у клясе ў польскай школе ў вёсцы Агароднікі.
Барыс паступіў у беларускую гімназію ў Наваградку. Бацька праводзіў сына ў гімназію на возе са словамі: «Усё, што мог, я для цябе зрабіў. Цяпер караскайся сам».
Рыхтаваўся паступаць у Віленскі ўнівэрсытэт Стэфана Баторыя на факультэт гісторыі. Аднак калі ўбачыў, што туды вялікі конкурс, падаў дакумэнты на матэматыку. Потым казаў: «Матэматыка мяне і выцягнула. Калі б я быў гісторыкам, замест працы над касьмічным праектам мыў бы посуд у рэстаранах Нью-Ёрку».
На трэцім курсе Барыс выкладаў матэматыку ў Віленскай беларускай гімназіі.
«Ведаеце, чаму ў Вільні была беларуская гімназія? Бо Вільня — спаконвечны беларускі горад», — заўважае экскурсавод.
Барыс Кіт дапамог амэрыканцам паляцець у космас, распрацоўваў ракетнае паліва для ЗША. Аднойчы ён чытаў амэрыканскаму касманаўту ўрывак з паэмы «Новая зямля» Коласа. Касманаўт нічога не зразумеў па-беларуску, але заўважыў, што гэта ня мова, а музыка.
У Наваградку праводзіцца інтэлектуальны турнір паміж школьнікамі ў гонар Барыса Кіта. Пераможца апранае мантыю славутага прафэсара.
«Ды нічога каштоўнага тут няма»
У школе кажуць, што большая экспазыцыя павінна быць у краязнаўчым музэі ў Наваградку. Яна там сапраўды ёсьць, і супрацоўнікі памятаюць вялікага беларуса.
Два стэнды, прысьвечаныя Кіту, месьцяцца ў залі міжваеннага пэрыяду. Відаць вялікі фатаздымак прафэсара ў мантыі, узнагароды, дакумэнты. Большасьць прадметаў — у фондасховішчах. Самую каштоўную рэч — залатую брошку таварыства астранаўтаў — ня могуць выставіць для агляду, бо няма сыгналізацыі.
«Тут самы вялікі архіў, прысьвечаны Кіту. Звыш 1000 адзінак. Кіт перадаваў усё сюды, бо ён любіў Наваградак», — кажа дырэктарка музэю габрэйскага супраціву Тамара Вяршыцкая, якая сябравала з Кітом.
Сюды трапілі фатаздымкі сямʼі Кіта, кнігі беларускіх пісьменьнікаў зь іхнімі аўтографамі, лісты пісьменьнікаў, паэтаў, навукоўцаў да прафэсара. Ён перадаваў многае з таго, што яму дарылі — да прыкладу, мантыю, якая аказалася яму замалая.
«Ды нічога каштоўнага тут няма, — дадае Тамара Вяршыцкая з усьмешкай. — Хіба што перапіска».
Музэйныя супрацоўнікі праводзяць тэматычныя экскурсіі, прысьвечаныя Кіту, у самім музэі, да таго ж часам езьдзяць па школах. Кажуць, найбольш Кіт запатрабаваны перад Днём касманаўтыкі, «бо трэба нешта правесьці». Пасьля сьмерці навукоўца колькасьць зацікаўленых не павялічылася і ня зьменшылася. Агулам іх няшмат.
Барыс Кіт быў зацікаўлены, каб у Наваградку быў ягоны музэй. Ён спансаваў адкрыцьцё музэю ў школе. З узростам, па словах Вяршыцкай, ён усё больш быў засяроджаны на сваёй асобе. Перадаваць рэчы дапамагалі ягоныя сябры: пісьменьніца Вольга Іпатава, літаратуразнаўца Лідзія Савік, навуковец Андрэй Майсяёнак.
У музэі кажуць, што былі думкі стварыць музэй Кіта ў асобным будынку, але пакуль на гэта не знайшлі грошай.
«Голас у яго мяккі-мяккі»
Супрацоўніца музэю Галіна Кавальчук ніколі ня бачыла Кіта, але размаўляла зь ім праз тэлефон.
«Голас у яго мяккі-мяккі, лагодны. Я яго адразу пазнала. Ня ведаю, чаму. Можа, таму, што ён гаварыў на беларускай мове. У мяне адразу такая радасьць. Мы зь ім пагутарылі, нібыта я з гэтым чалавекам усё жыцьцё была знаёмая. Гэта было так проста і лёгка», — успамінае Галіна Кавальчук.
Кіт званіў часта, пытаўся, чым яны займаюцца ў музэі, як маюцца.
«Ён быў такі рады, што яго пазналі, як дзіця. Ён такі быў вялікі і адначасова просты і даступны, без амбіцый. Прабачаўся, што, можа, ня ў той час тэлефануе», — дадае Кавальчук.
На думку супрацоўніц музэю, Кіт сваёй малой радзімай лічыў менавіта Наваградак, а не Карэлічы.
«Душа ў яго была беларуская»
Барыс Кіт двойчы прыяжджаў у Наваградак зь Нямеччыны — у 1992-м (у свае 82) і ў 1995 годзе.
«У першы раз ён прыехаў у Беларусь з маладой дзяўчынай, прафэсарам хіміі. Казаў, што яна падобная да ягонага першага каханьня. Вось гэта Кіт», — успамінае пра свайго сябра Тамара Вяршыцкая.
Па ейных словах, ён быў вельмі жывы чалавек. У свае 82 забег на курган Міцкевіча не па сэрпантынавай сьцежцы, а наўпрост. У сто гадоў выбег без кіёчка праводзіць яе да ліфта.
«Ён падзараджаўся энэргіяй імгненна, калі яго нешта натхняла. Ён быў вельмі адкрыты, непасрэдны. Ён умеў атрымліваць асалоду ад жыцьця, ад простых рэчаў. Яму патрэбныя былі эмоцыі. Ён знаходзіў іх у Беларусі», — кажа Вяршыцкая.
Па ейных успамінах, Кіт ніколі не засяроджваўся на грошах. Ня меў вялікай маёмасьці. У Нямеччыне 20 гадоў жыў у кватэры з маленькай кухняй, канапай і пустымі сьценамі.
Амаль за 30 гадоў да сьмерці ён набыў месца на могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне. Але калі памёр, тых дакумэнтаў доўга не маглі знайсьці, таму пахавалі толькі праз два тыдні.
«Кіт — прыклад таго, як можна выжываць ва ўсім сьвеце беларусу, які ня мае нічога, апрача галавы. Узрост 107 гадоў, безумоўна, робіць яго выключным. Чалавек большую частку жыцьця пражыў у эміграцыі, ганарыўся сваім амэрыканскім пашпартам і тым, што ён беларус. Душа ў яго была беларуская. Ён размаўляў па-беларуску да апошніх дзён. Ня здрадзіў сваім караням», — кажа Тамара Вяршыцкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Барыс КітБарыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту бацька адвёз яго на радзіму — у цяперашні Карэліцкі раён. Пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў. У часе Другой усясьветнай вайны цярпеў ад перасьледу савецкіх і нацысцкіх уладаў. Эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе ў праграме астранаўтыкі. Барыс Кіт — адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва. З 1972 году жыў і выкладаў у Нямеччыне. На Беларусі зноў пабываў і атрымаў прызнаньне на пачатку 1990-х гадоў, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Памёр 1 лютага 2018 году на 108-м годзе жыцьця. Пахаваны на могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барыс Кіт зойме месца ў беларускім музэі касманаўтыкі, — Акадэмія навук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым «памешчык Манюшка» не дагадзіў партыйцам. Гісторыя музэю, створанага насуперак уладзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларус навучыўся рабіць фота пад кайзэрам Вільгельмам і здымаў да позьняга Брэжнева