У красавіку колькасьць звольненых беларусаў перавысіла колькасьць прынятых на працу на 15 392 чалавек.
Паводле зьвестак Белстату, у красавіку на працу прынялі 54 380 чалавек, а звольнілі — 69 772.
Агулам у красавіку ў эканоміцы Беларусі было занята 4 мільёны 339,1 тысячы чалавек.
Больш за ўсё ў красавіку звольнілі і працаўладкавалі ў адных і тых жа сфэрах:
- Апрацоўчая прамысловасьць: звольнілі 9 098, працаўладкавалі 8 100.
- Сфэра гандлю, рамонту аўтамабіляў і матацыклаў: звольнілі 9 100, працаўладкавалі 8 401.
- Сельская, лясная і рыбная гаспадарка: звольнілі 8 810, працаўладкавалі 6 544.
- Сфэра будаўніцтва: звольнілі 5 020, працаўладкавалі 4 539.
Найменш за ўсё ў красавіку звальнялі ў горназдабыўной прамысловасьці — 116 чалавек. Найменшую колькасьць супрацоўнікаў прынялі таксама ў гэтай сфэры — 152.
Апошні раз прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі, часьцей працаўладкоўвалі, чым звальнялі ў верасьні 2018 году. Тады лічба працаўладкаваных перавысіла колькасьць звольненых на 5 595 чалавек.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.