Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ўнёс зьмены ва ўказ свайго папярэдніка Пятро Парашэнкі і вярнуў грамадзянства Ўкраіны экс-губернатару Адэскай вобласьці, экс-прэзыдэнту Грузіі Міхэілу Саакашвілі.
Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце кіраўніка Ўкраіны.
«Дзякую прэзыдэнту Зяленскаму. Слава Украіне!», – напісаў Саакашвілі на сваёй старонцы ў Facebook.
У канцы ліпеня 2017 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб спыненьні грамадзянства Саакашвілі. Паведамлялася, што прычынай нібыта было сьвядомае даваньне лжывых зьвестак пры набыцьці ўкраінскага грамадзянства.
Саакашвілі 10 верасьня 2017 трапіў на тэрыторыю Ўкраіны праз польска-ўкраінскую мяжу, не прайшоўшы памежнага кантролю.12 лютага 2018 Міхэіла Саакашвілі затрымалі ў адным з рэстаранаў у цэнтры Кіева, а потым Дзяржаўная памежная служба і Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны заявілі, што паводле працэдуры рэадмісіі яго вярнулі ў Польшчу — краіну, адкуль ён у верасьні 2017 «прыбыў, парушыўшы ўкраінскае заканадаўства». З Польшчы Саакашвілі паехаў у Нідэрлянды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі сьпявак Вакарчук стварыў сваю партыю для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарахПамежная служба Ўкраіны ў лютым 2018 году забараніла Саакашвілі ўезд у краіну на тры гады. Саакашвілі тады заявіў, што вернецца ва Ўкраіну значна раней, чым праз тры гады.