У Курапатах зьнялі схаванае відэаназіраньне?

Курапаты

У Курапатах ужо не вядзецца схаванае відэаназіраньне, якое Бараўлянскі лясгас усталяваў пасьля таго, як невядомыя вандалы ў лютым апаганілі дзяржаўны мэмарыяльны знак і разбурылі лаву Клінтана. Пра гэта заявіў Свабодзе старшыня «Маладога фронту», абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч.

«Чатыры відэапасткі трымалі пад аглядам мэмарыяльны знак на Галгофе. Дык вось ужо два тыдні камэр на былых месцах няма», — сказаў Свабодзе Ўрбановіч.

Аднак дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч у размове з карэспандэнтам Свабоды зьняпраўдзіў інфармацыю актывіста.

«Відаэкамэры там ёсьць, але дзе — гэта ў тым ліку і вам ведаць ня трэба. Паверце, што назіраньне працягваецца», — сказаў Аляксандар Мірановіч.

Абверг Аляксандар Мірановіч і зьвесткі пра тое, што на мінулым тыдні ў Курапатах зламалі і вывезьлі яшчэ тры крыжы. Паводле Паўла Севярынца, гаворка пра «тры з чатырох белых крыжоў», якія стаялі ў пачатку ўрочышча з боку рэстарацыі «Поедем поедим».

«Я адмыслова прагледзеў фота, зробленыя перад усталяваньнем агароджы — трох нібыта зьніклых белых крыжоў тады ўжо не было. Там заставаўся адзін белы крыж, які стаіць дагэтуль», — сказаў Аляксандар Мірановіч.

Расьсьледаваньню амаль паўгода. Які вынік?

Апаганены дзяржаўны мэмарыяльны знак у Курапатах, люты 2019-га

18 сьнежня 2018 году на дзяржаўным мэмарыяльным знаку, які месяцам раней усталявалі ў Курапатах, невядомыя вандалы надрапалі зоркі Давіда. 1 лютага 2019 году абаронцы Курапат паведамілі пра разбурэньне лавы Клінтана.

27 траўня ў Сьледчым камітэце Свабодзе сказалі, што расьсьледаваньне яшчэ не завершанае.

«Па фактах вандалізму ў Курапатах працягваюць праводзіцца апэратыўна- вышуковыя мерапрыемствы з мэтай знайсьці асоб, якія зьдзейсьнілі гэтыя злачынствы», — адказала Свабодзе прадстаўніца СК па Менскай вобласьці Тацяна Беланог.

Чаму не сьціраюць зоркі Давіда з мэмарыяльнага знаку

У сакавіку 2019 году на мэмарыяльным знаку «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя» і на некаторых помніках побач зь ім невядомыя намалявалі блакітныя зоркі Давіда. Фарбу адчысьцілі. А вось знакі, надрапаныя яшчэ ў сьнежні, застаюцца дагэтуль. Чаму?

Суаўтар мэмарыяльнага знаку Сяргей Аганаў прычын ня ведае.

«Тэхналёгія такая ёсьць, мы ў стане гэтыя драпіны зачысьціць, але да нашага прадпрыемства з такім заказам уласьнікі помніка не зьвярталіся. Чаму — ня ведаю. Мінула ўжо паўгода і, на маю думку, гэта трэба было зрабіць даўно», — сказаў Свабодзе Сяргей Аганаў.

Гадавіна варты ў Курапатах

Набліжаецца год, як актывісты пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим», што ў пачатку чэрвеня 2018-га пачала працаваць каля Курапатаў. Актывісты мяркуюць, што гэта парушае прынятыя ў беларускім грамадзтве нормы маралі.

«У суботу 1 чэрвеня, акрамя варты з прычыны гадавіны, правядзем сход абаронцаў, абмяркуем нашы справы і далейшыя пляны. А ў нядзелю пройдзе малітва за Курапаты», — сказаў Павал Севярынец.

Аўтамабілі наведнікаў пікетоўцы ўжо не спыняюць. Акрамя буклетаў пра Курапаты, наведнікам рэстарацыі таксама раздаюць налепкі з Пагоняй.

«Акцыя называецца „Пагоня побач“, налепкі бяруць без праблем», — кажа Дзяніс Урбановіч.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так, я сталініст!» Інтэрвію з арганізатарам беларускага «Несьмяротнага палку»