Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп стаў першым замежным лідэрам, прынятым у Токіё новым імпэратарам Японіі Нарухіта. Урачыстая сустрэча адбылася ў імпэратарскім палацы, Трампа суправаджала яго жонка Мэлані.
Нарухіта ўступіў на пасад у мінулым месяцы пасьля адрачэньня яго бацькі, імпэратара Акіхіта.
Трамп знаходзіцца ў Японіі зь дзяржаўным візытам, які будзе доўжыцца чатыры дні. У панядзелак ён правёў перамовы з кіраўніком японскага ўрада Сіндза Абэ. Адной з галоўных тэм перамоваў стала Паўночная Карэя.
Прэзыдэнт ЗША заявіў аб тым, што задаволены тым, як разьвіваюцца перамовы з КНДР — нават нягледзячы на няўдачу нядаўняга саміту ў Ханоі. Трамп таксама пацьвердзіў, што не надае вялікага значэньня нядаўнім ракетным запускам у Паўночнай Карэі і выказаў меркаваньне, што неўзабаве варта чакаць «добрых вестак» з КНДР.
Прэзыдэнт ЗША ізноў выступіў з пахвалой у адрас паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына. У прыватнасьці, Трамп адзначыў, што згодны з крытычнымі выказваньнямі Кім Чэн Ына на адрас былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Паўночнакарэйскае інфармацыйнае агенцтва KCNA раней называла Байдэна, які цяпер змагаецца за вылучэньне ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, «неразумным», а яго выказваньні характарызавала як «сафізмы дурня».