Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) афіцыйна прызнала хваробай «гульнявы разлад», дадаўшы яго да новай міжнароднай клясыфікацыі хваробаў. Дзяржавы-чальцы СААЗ прынялі гэтае рашэньне падчас 72-й Сусьветнай асамблеі аховы здароўя ў Жэнэве.
У міжнародную клясыфікацыю хваробаў уносяць захворваньні, адхіленьні і парушэньні, якія паддаюцца клінічнаму дасьледаваньню, а людзі, якія пакутуюць ад такіх хваробаў, могуць разьлічваць на паўнавартаснае лячэньне.
У новай клясыфікацыі хваробаў, якая ўступіць у сілу з 2022 году, гульнявы разлад характарызуецца «ўстойлівымі або паўтаральнымі гульнявымі паводзінамі», якія выклікаюць «значнае парушэньне ў асабістых, сямейных, сацыяльных, адукацыйных, прафэсійных або іншых важных галінах функцыянаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Залежнасьць ад гаджэтаў — гэта як наркаманія, як алькагалізмНа думку СААЗ, разлад выяўляецца праз «прыярытэт гульняў над іншымі жыцьцёвымі інтарэсамі і паўсядзённай дзейнасьцю» і «працяг гульнявой дзейнасьці, нягледзячы на ўзьнікненьне нэгатыўных наступстваў».
Пры гэтым вытворцы кампутарных гульняў з усяго сьвету заклікалі СААЗ перагледзець сваё рашэньне, заявіўшы, што яно «не грунтуецца на досыць надзейных доказах».