Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што выкананьне Расеяй рашэньня трыбуналу ААН аб вызваленьні ўкраінскіх маракоў і караблёў магло б стаць першым сыгналам пра гатоўнасьць РФ да спыненьня канфлікту з Украінай.
Пра гэта ён напісаў у суботу ў Facebook.
На яго думку, такім чынам Расея можа зрабіць крок да «разблякаваньня перамоваў і вырашэньня створаных ёю праблем цывілізаваным спосабам».
«Паглядзім, які шлях абяруць у Крамлі. Але мы вельмі чакаем нашых хлопцаў дома!», — дадаў ён.
Тымчасам у МЗС Расеі лічаць, што Міжнародны трыбунал у марскім праве ня мае юрысдыкцыі ў справе адносна інцыдэнту ў Керчанскім праліве.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным 25 траўня на сайце ведамства.
«Як раней неаднаразова адзначалася расейскім бокам, заявы, зробленыя як Расеяй, так і Ўкраінай пры падпісаньні і ратыфікацыі Канвэнцыі ААН па марскім праве 1982 году, выключаюць магчымасьць задзейнічаньня прадугледжаных Канвэнцыяй працэдур вырашэньня спрэчак у дачыненьні да інцыдэнту 25 лістапада 2018 у раёне Керчанскага праліва», — заявілі ў Маскве.
У МЗС РФ настойваюць, што пазьбегнуць сытуацыі можна было пры ўмове захаваньня патрабаваньняў расейскага заканадаўства, якія тычацца суднаходзтва ў гэтым раёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трыбунал ААН: Расея мусіць вызваліць маракоў, якіх захапілі ў Керчанскім праліве
- У суботу міжнародны трыбунал ААН у марскім праве абавязаў Расею неадкладна вызваліць украінскіх маракоў і дазволіць ім вяртаньне ва Ўкраіну, а таксама вызваліць тры захопленыя караблі.
- 25 лістапада 2018 у Керчанскім праліве расейскія вайскоўцы абстралялі і захапілі ўкраінскія катэры «Бярдзянск» і «Нікапаль», а таксама буксір з экіпажамі, якія накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль. Трое ўкраінскіх маракоў падчас нападу расейцаў былі параненыя.
- «Суды» у Крыме арыштавалі 24 украінскіх вайскоўцаў, іх перавезьлі ў расейскі СІЗА «Лефортово».
- Палонным украінцам выставілі абвінавачваньне за незаконнае перасячэньне мяжы, ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.