Міжнародны трыбунал ААН у марскім праве 25 траўня пастанавіў, што Расеі трэба неадкладна вызваліць украінскіх маракоў і вярнуць Украіне буксір і два катэры, паведамляе «Интерфакс».
«Трыбунал патрабуе ад Расейскай Фэдэрацыі вызваліць тры ўкраінскія карабля і 24 затрыманых украінскіх маракоў і дазволіць ім вярнуцца на Ўкраіну», — заявіў старшыня Міжнароднага трыбуналу ААН у марскім праве Пак Чжын Хён.
Ён дадаў, што «Расеі і Украіне трэба ўстрымлівацца ад захадаў, здольных абвастрыць канфлікт у Керчанскім праліве».
Расейскі МЗС: Трыбунал ня мае юрысдыкцыі ў спрэчцы з Украінай
Расея адмовілася прымаць удзел у паседжаньні трыбуналу, паведамляе BBC. Неўзабаве пасьля абвяшчэньня рашэньня арбітражнай інстанцыі міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што трыбунал ня меў юрысдыкцыі ў спрэчцы з Украінай.
«Як раней неаднаразова адзначалася расейскім бокам, заявы, зробленыя як Расеяй, так і Ўкраінай пры падпісаньні і ратыфікацыі Канвэнцыі ААН у марскім праве 1982 году, выключаюць магчымасьць задзейнічаньня прадугледжаных Канвенцыяй працэдураў вырашэньня спрэчак у дачыненьні да інцыдэнту 25 лістапада 2018 году ў раёне Керчанскага праліва. У ходзе наступнага арбітражнага разбору маем намер пасьлядоўна адстойваць нашу пазыцыю, у тым ліку адсутнасьць у арбітражу юрысдыкцыі разглядаць дадзеную сытуацыю ў сьвятле згаданых вышэй абставінаў», — гаворыцца ў заяве расейскага МЗС.
- 16 красавіка 2019 году Ўкраіна зьвярнулася ў суд з патрабаваньнем да Расеі вызваліць украінскіх маракоў і караблі, затрыманыя ў раёне Керчанскай пратокі ў лістападзе 2018 года.
- МЗС Расеі лічыць, што Міжнародны трыбунал у марскім праве ня валодае юрысдыкцыяй для разгляду «керчанскага інцыдэнту».
25 лістапада Расея заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі ў Марыюпаль праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі — «Бярдзянск», «Яны Капу», «Нікапаль» былі захопленыя Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША вывучаюць магчымасьць новых паставак зброі ЎкраінеУвечары 25 лістапада расейскія вайсковыя караблі атакавалі ўкраінскія, у выніку чаго былі параненыя 6 украінскіх маракоў, двое ў цяжкім стане. Усяго Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў. Цяпер 24 маракі знаходзяцца ў Расеі за кратамі. У красавіку сёлета Лефортаўскі суд Масквы падоўжыў да канца ліпеня тэрміны арышту ўсім украінскім маракам.