Прамая трансьляцыя дэбатаў, ад якіх займала дух, прыкавала да тэлеэкранаў амаль усё дарослае насельніцтва СССР. Аказалася, што можна свабодна і адкрыта спрачацца з самім генсекам ЦК КПСС, выступаць з прамовамі, якія не прайшлі папярэдняй цэнзуры ў кабінэтах ЦК. Зьезд стаў арэнай барацьбы рэфарматараў і кансэрватараў.
На зьезд паехала больш за 90 дэлегатаў ад Беларусі
Усяго на зьезд абралі 2250 дэпутатаў. Зь іх крыху больш за 90 — зь Беларусі.
Было штучнае прадстаўніцтва — 31 чалавек — ад грамадзкіх арганізацый, кшталту прафсаюзаў, камсамолу, творчых саюзаў, вэтэранаў. Некалькі беларусаў трапілі на зьезд іншымі шляхамі. Да прыкладу, пісьменьнік Алесь Адамовіч быў вылучаны Саюзам кінэматаграфістаў СССР. Падпалкоўнік Мікалай Петрушэнка служыў тады ў Казахстане, і яго абралі там.
Але дзьве траціны дэпутатаў былі абраныя дэмакратычным шляхам у Беларусі. Для правядзеньня выбараў у Беларускай ССР былі створаныя 60 выбарчых акругаў, у некаторых на адно месца прэтэндавалі па 5–7 чалавек. Аднак былі ўведзеныя «фільтры» — акруговыя перадвыбарчыя сходы, якія прымалі канчатковае рашэньне аб рэгістрацыі кандыдата. Гэтыя сходы выкарыстоўваліся, па вялікім рахунку, каб пазбавіцца ад «нязручных» кандыдатаў — 128 прэтэндэнтаў не былі зарэгістраваныя. Да прыкладу, па Менскай-Савецкай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе № 566 зарэгістравалі толькі трох кандыдатаў з 14.
Каб пазьбегнуць непрадбачаных сытуацый, дзяржаўная і партыйная эліта рэгістравалася не ў сталіцы і не ў абласных цэнтрах, а на раённым узроўні.
Практычна ўсе кіраўнікі ішлі на выбары безальтэрнатыўна. Першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў быў зарэгістраваны па Кобрынскай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе; Мікалай Дземянцей, сакратар ЦК КПБ — па Полацкай; Георгі Таразевіч, старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, — па Маладэчанскай.
Балятаваўся на першы зьезд народных дэпутатаў па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе і тагачасны дырэктар саўгаса «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка, але прайграў у другім туры будучаму прэм’ер-міністру, тагачаснаму старшыні Дзяржпляну Вячаславу Кебічу — з розьніцай 1% галасоў.
Выбары абудзілі амбіцыі «новай генэрацыі» — маладых людзей, не заангажаваных у палітыку. Інтуітыўна яны адчувалі, што савецкае грамадзтва патрабуе рэфармаваньня, а тэмпы перабудовы замарудзіліся.
На зьезд былі абраныя старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мэханікі мэталапалімэрных сыстэм АН БССР Юры Варонежцаў, рабочы Гомельскага радыёзаводу Віктар Карняенка, інжынэр Аляксандар Дабравольскі.
Юры Варонежцаў: «На выбарах галасы лічылі сумленна, агітаваць ніхто не перашкаджаў»
У Гомлі лёс зьвёў маладога навукоўца Юрыя Варонежцава і рабочага Віктара Карняенку ў адной акрузе, але зь першага раза ніхто не набраў неабходнай колькасьці галасоў. Былі прызначаныя паўторныя выбары. Маладыя людзі пайшлі абірацца зноў. А паколькі ў Савецкім Саюзе Вярхоўны Савет быў дзьвюхпалатны, адзін пайшоў балятавацца ў Савет Саюзу, а другі — у Савет Нацыянальнасьцяў. Яны аб’ядналі каманды, удваіх аб’езьдзілі ўсе прадпрыемствы. І толькі ў другім туры абодва былі абраныя дэлегатамі Першага зьезду народных дэпутатаў.
«Прыехалі мы зь Віктарам Карняенкам апошнімі, засяліліся ў гатэль "Масква", сустрэлі Станіслава Шушкевіча. Ён там патлумачыў, дзе ў Крамлі можна пасьнедаць. Мы замовілі шыкоўны сьняданак, ні ў чым сабе не адмаўляючы. Аказалася, што ў Крамлі кормяць не бясплатна. А ўся агітацыйная кампанія мне абышлася ў 146 рублёў (і то за ўлёткі заплаціў цэнтар навукова-тэхнічнай творчасьці) і некалькі пляшак гарэлкі», — з усьмешкай узгадвае Юры Варонежцаў.
Што тычыцца самога зьезду, беларусы людзі сьціплыя, на трыбуну асабліва ня лезьлі — ня той мэнталітэт, кажа ён.
«Тыя падзеі — ня толькі першы зьезд, але і выбары, якія былі напярэдадні, і тое, што здарылася потым, — гэта было пераломным момантам, людзі сталі іншымі, краіна стала іншай. Ня ведаю, як гэта адбылося — такое здараецца раз на 100–200 гадоў. Хацелася б, каб гэта паўтарылася, але ў іншай форме і зь лепшымі вынікамі.
Як ні дзіўна, узровень дэмакратыі ў апошнія тры гады існаваньня СССР быў значна вышэйшы, чым цяпер. На выбарах галасы лічылі сумленна, агітаваць нам ніхто не перашкаджаў», — кажа Юры Варонежцаў.
Ён застаўся працаваць у Вярхоўным Савеце СССР, быў сакратаром пастаяннай камісіі па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. А цягам трох месяцаў — у 1991 годзе ў прамежку паміж путчам і Віскулямі — Юры Варонежцаў быў намесьнікам старшыні Савету Саюзу.
Віктар Карняенка: «Вельмі прыстойна валодаю беларускай мовай дзякуючы Васілю Быкаву»
Наладчыку станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем Гомельскага радыёзаводу Віктару Карняенку тады быў 31 год. Ён быў адным з самых маладых дэпутатаў. Самымі запамінальнымі лічыць знаёмства зь вядомымі палітыкамі, легендарнымі асобамі Андрэем Сахаравым, Аляксандрам Якаўлевым. Але самы яркі ўспамін — знаёмства з Васілём Быкавым, дзякуючы якому і стаў сьвядомым беларусам.
«Грузінскія калегі прапанавалі паглядзець фільм пра разгон дэманстрацыі ў Тбілісі, якім кіраваў генэрал Радзіёнаў. І я апынуўся падчас прагляду побач з Васілём Быкавым, мы разам глядзелі фільм, камэнтавалі, дзяліліся ўражаньнямі. Ён запрасіў мяне тым жа вечарам на сустрэчу зь беларускай дыяспарай. Там нядзельная школка, усе размаўляюць на беларускай мове, а я тады на мове ня вельмі добра размаўляў. Зразумела, стала сорамна, я адрэпэтаваў некалькі фраз і зразумеў: калі ты маеш нейкія прэтэнзіі на палітычную ролю, трэба вучыць і гісторыю, і мову. Можна сказаць, што Васіль Быкаў вельмі моцна паўплываў на мой патрыятычны патэнцыял. І пасьля я ўжо вёў паседжаньні сэсій Гомельскага гарсавету па-беларуску. Так што вельмі прыстойна валодаю беларускай мовай дзякуючы Васілю Ўладзімеравічу Быкаву», — узгадвае Віктар Карняенка.
Яшчэ яго ўразіў на зьезьдзе нізкі ўзровень кіроўных асобаў, партыйных босаў, намэнклятуры. Да зьезду ён іх бачыў па тэлебачаньні, чуў па радыё, а тут сутыкнуўся ўжывую.
«Гэта зрабіла вельмі моцнае ўражаньне — якім чынам яны зьбіраюцца рабіць гэтую самую перабудову? Падчас выбараў быў вельмі яскравы дэвіз, мэсыдж: "Нельга давяраць перабудову тым людзям, якія ўжо давялі краіну да перабудовы". На жаль, атрымалася так, што даверылі зноў жа ім. Калі паглядзець на склад зьезду, больш за 80% — сябры Камуністычнай партыі. Зразумела, сярод іх былі і людзі вельмі прыстойныя, надзейныя, патрыёты, але ў большасьці ўсё ж такі зьезд пацягнуў усё ў старое рэчышча. І калі б не путчысты, мне здаецца, Савецкі Саюз яшчэ б доўга целяпаўся. Яны вельмі паскорылі працэс стварэньня незалежных краінаў», — перакананы Віктар Карняенка.
Станіслаў Шушкевіч: «Сярод камуністаў былі і прыстойныя людзі, і "сакаловападобныя"»
У тагачаснага прарэктара па навуковай працы БДУ Станіслава Шушкевіча на выбарах было 6 супернікаў, сярод якіх, паводле ягонага прызнаньня, былі і прыстойныя людзі, і ня вельмі. Перамог ён і дырэктара «Амкадору» Васіля Шлындзікава, які потым стаў ягоным блізкім сябрам. Перамога Шушкевіча была пераканаўчай — ён набраў 76% галасоў у першым туры.
«Выбары тых, хто абіраўся па акругах, былі сумленныя, дэмакратычныя. У дэлегаты трапілі і простыя людзі, «ад сахі», былі і прыкормленыя. Але КПСС забясьпечыла сабе большасьць: Сакалоў, Малафееў, Ігруноў, Сямёнаў, Кебіч, Дземянцей... Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў сабраў усіх дэлегатаў ад Беларусі і загадаў: «Мы павінны трымацца інтарэсаў рэспублікі». Але мы з Аляксандрам Дабравольскім адказалі: «Вы нас не абіралі, і ваша партыя нас не абірала, таму мы будзем дзейнічаць ад імя выбаршчыкаў. Давайце ня будзем працягваць цырк, а будзем адстойваць інтарэсы выбарцаў». Такім чынам, беларуская дэлегацыя падзялілася 50 на 50.
Аднак і сярод камуністаў былі вельмі прыстойныя людзі, да прыкладу, дырэктар МАЗу Міхаіл Лаўрыновіч, інспэктар ЦК КПБ Леанід Кляцкоў, якому тады было ўжо за 70. Былі і выпеставаныя Савецкай уладай, «прыкормленыя» кшталту старшыні калгаса Ўладзімера Бядулі. Былі і «сакаловападобныя», такія, як першы сакратар Гарадзенскага абкаму партыі Ўладзімер Сямёнаў, які казаў, калі літоўцы абвясьцілі незалежнасьць, што «мы павінны забраць у літоўцаў Вільню», — узгадвае Станіслаў Шушкевіч.
Ён кажа, што беларусы на зьезьдзе выглядалі добра, добра выступалі, «ушчэрбнымі» сябе не адчувалі.
«Цемрашалы нашы і расейскія былі аднолькавыя. А сам я сядзеў недалёка ад мікрафону, дык "прарываўся" выступаць у дэбатах даволі часта.
Атрымаў я тады і прапанову пайсьці ў Вярхоўны Савет СССР. Але я ўжо адчуваў, што ў нас хутка будуць зьмены, і адмовіўся», — узгадвае Станіслаў Шушкевіч.
Мікалай Петрушэнка: «Вялікія беларускія начальнікі-партыйцы ня ведалі гісторыі ўласнай краіны»
Беларус, падпалкоўнік Мікалай Петрушэнка абіраўся дэпутатам ад Ленінагорску Ўсходне-Казахстанскай вобласьці. Асноўныя ягоныя выбарцы — стараабрадцы, якіх называлі «кержакамі», гарнякі і калгасьнікі.
«Паколькі я быў абраны ад Казахстану, асноўныя канфлікты ў мяне былі з казаскімі таварышамі. А ад беларусаў у мяне склалася ўражаньне такое: беларуская дэлегацыя на чале з Сакаловым, Кебічам прыехала абсалютна не падрыхтаваная да зьезду, мне часьцяком было сьмешна, што вялікія беларускія начальнікі-партыйцы ня ведалі гісторыі ўласнай краіны.
Для іх сталася поўнай нечаканасьцю рэзалюцыя, якую ўнесьлі прыбалты, па палітычнай ацэнцы пакту Молатава-Рыбэнтропа. Вялікія начальнікі элемэнтарна ня ведалі гісторыі Другой усясьветнай вайны.
Тая самая карціна была, калі літоўская дэлегацыя ўнесла праект прапаноў па дэнансацыі Саюзнай дамовы 1922 году аб утварэньні СССР. Я знайшоў законы аб уступленьні краін Прыбалтыкі ў склад СССР. Дык вось, калі Літву прымалі ў склад СССР, то другім пунктам было: "перадаць Літве горад Вільню" (гэта зразумела) і яшчэ 8 раёнаў (і яны пералічаныя) са складу БССР. І пасьля майго выступу падыходзілі партыйныя работнікі і пыталіся: "Мікалай Сямёнавіч, адкуль ты гэта ведаеш?" Хаця былі і разумныя беларусы — Юры Варонежцаў, Аляксандар Дабравольскі, той жа Станіслаў Шушкевіч», — узгадвае Мікалай Петрушэнка.