Аляксандар Лукашэнка раніцай 24 траўня «спыніўся» ля Курапатаў падчас праверкі ўпарадкаваньня МКАД і прылеглых тэрыторыяў, піша прэс-служба Лукашэнкі.
Лукашэнка загадаў пасадзіць у Курапатах дадатковыя дрэвы.
«І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па пэрымэтры туі можна. Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка забараніў «нешта рабіць» ва ўрочышчы без дазволу.
«Гэта ж палітычная дэманстрацыя. Гэта некаму патрэбна. Можаш прыйсьці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і сыходзь, не замінай гэтым людзям», — заявіў Лукашэнка.
Да ўпарадкаваньня тэрыторый ля МКАД Лукашэнка сказаў прыцягнуць дызайнэраў. У цэлым ён запатрабаваў «больш актыўных і прадуманых работ» па азеляненьні тэрыторыі ўздоўж МКАД з асаблівай увагай да разьвязак, адхонаў, пустак. На яго думку, замест «высокіх і непрыгожых» платоў можна «высадзіць дрэвы, напрыклад туі, якія створаць жывую зялёную загарадзь».
Фота і відэа Лукашэнкі ў Курапатах на момант публікацыі няма. Паводле Зьмітра Дашкевіча, Лукашэнкі падчас Курапацкай варты не было.
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.