Апавяданьне паэта і пісьменьніка Славаміра Адамовіча «Ніколі не пытайся, адкуль я» прызнанае творам, які мае прыкметы экстрэмізму. Гэтак у красавіку пастанавіла менская абласная экспэртная камісія, якая правярае творы на наяўнасьць экстрэмізму.
22 траўня міліцыянты склалі на пісьменьніка пратакол, які будзе накіраваны ў суд Пухавіцкага раёну, дзе жыве Славамір Адамовіч. Пісьменьніка могуць прыцягнуць да адказнасьці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, яму пагражае вялікі штраф альбо адміністрацыйны арышт. Пры гэтым Славамір Адамовіч ужо знаходзіцца на «хатняй хіміі» за крадзеж.
Што вядома пра апавяданьне, якое абласная камісія палічыла экстрэмісцкім?
Адамовіч напісаў тэкст у Нарвэгіі, дзе тады жыў у статусе палітуцекача, і электроннай поштай даслаў яго ў газэту «Новы час», якая апублікавала яго 24 сьнежня 2010 году.
Тое, што ягоны аповед прызнаюць экстрэмісцкім праз 9 гадоў пасьля публікацыі, Славамір Адамовіч тлумачыць супадзеньнем.
«Калі вялі на мяне крымінальную справу, бралі мой ноўтбук, там знайшлі гэты аповед. Вось і закруцілася». Пры гэтым літаратар нязгодны з тым, што ягоны твор — экстрэмісцкі.
У публікацыі тры мініятуры. У адной зь іх апісваецца напад на расейскую амбасаду ў Менску.
«Там ёсьць рэчы даволі рэзкія. Але гэта не інструкцыі пра тое, як зьдзейсьніць тэракт ці што зрабіць, а мастацкі прыём. Асноўная ідэя — паказаць, што ёсьць і будуць зьяўляцца людзі, якія супраціўляюцца. І для мяне галоўнае, як гэта зроблена. Калі твор чапляе, прычым нават пракурораў, значыць, зроблены не бяз таленту», — кажа літаратар.
Абскарджваць рашэньне абласной камісіі, якая прызнала ягоны твор экстрэмісцкім, Славамір Адамовіч не зьбіраецца.
У сакавіку 2019 году суд прызнаў Славаміра Адамовіча вінаватым у крадзяжы — ён забіраў рэчы зь нежылога, як яму падавалася, дома ў вёсцы Цагельня непадалёк ад Мар’інай Горкі, дзе жыве. Атрымаў два гады «хатняй хіміі» — абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову закрытага тыпу. Прысуд Адамовіч не абскарджваў, бо на судзе цалкам прызнаў віну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэту Славаміру Адамовічу прысудзілі 2 гады хатняй «хіміі»