Што з дарогамі, за якія ўзяўся Лукашэнка. Гатэль праз 1 180 кілямэтраў, запраўка праз 183 кілямэтры

Аляксандар Лукашэнка 24 траўня выказаўся пра стан беларускім дарог. Свабода паглядзела, як часта на дарогах можна сустрэць запраўку, гасьцініцу ці кавярню.

24 траўня Аляксандар Лукашэнка наведаў менскую МКАД і загадаў працягваць добраўпарадкаваньне беларускіх дарог.

«Напэўна, пачнём з асноўных дарог і пойдзем да межаў нашай краіны. Трэба добраўпарадкоўваць Беларусь, нельга спыняцца. Гэта наша фішка. Хто б сюды ні прыяжджаў, усе ахкаюць: як добра, прырода добрая. Але прыродзе трэба ня толькі радавацца, ня толькі жыць зь ёй у міры і згодзе — прыроду трэба і ўпрыгожваць, удасканальваць», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Глядзім, што цяпер зь беларускімі дарогамі і аб’ектамі на іх паводле падлікаў Белстату за 2018 год. Працягласьць дарог агульнага карыстаньня ў Беларусі — 102 400 кілямэтраў (з улікам мясцовых, грунтовых — дарог усіх тыпаў).

Зь цьвёрдым пакрыцьцём у Беларусі маецца 88 558 кілямэтраў дарог (гэта асфальтаваныя, цэмэнтна-бэтонныя, гравійныя. Заправачных станцый на беларускіх дарогах — 482. Гэта значыць, што ў сярэднім адна запраўка прыпадае на 183 кілямэтры дарогі з цьвёрдым пакрыцьцём.

Гатэляў, матэляў і кэмпінгаў па ўсёй Беларусі толькі 75 — адзін на 1180 кілямэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На падрыхтоўку Браслава да «Дажынак» вылучылі 9 мільёнаў даляраў

Кавярняў агулам на ўсіх беларускіх дарогах 602 (гэта адна на 147 кілямэтраў). Гандлёвых пунктаў усяго 1019 (адзін на 86 кілямэтраў).

Для дарог рэспубліканскага значэньня ў Беларусі існуюць нарматывы. Заправачныя станцыі мусяць быць кожныя 40 кілямэтраў, кавярні праз кожныя 30 кілямэтраў (такія лічбы агучвае прадстаўнік Мінтранспарту). Гэтыя стандарты міжнародныя.

Рэспубліканскіх дарог у Беларусі — пятая частка ад усёй працягласьці. Але нават калі б усе запраўкі разьмяшчаліся на рэспубліканскіх дарогах, гэтага б не хапіла, каб упісацца ў нарматыў.