ЗША выставілі заснавальніку WikiLeaks Джуліяну Асанжу дадатковыя абвінавачаньні паводле 17 пунктаў. Яго абвінавачваюць у незаконнай публікацыі сакрэтных матэрыялаў, а таксама ў змове з мэтай кампутарнага ўзлому.
У апублікаваных Асанжам дакумэнтах, многія зь якіх маюць грыф сакрэтнасьці, названыя імёны журналістаў, рэлігійных лідэраў, праваабаронцаў і іншых асобаў, якія даюць інфармацыю амэрыканскім вайскоўцам у Аўганістане і Іраку, а таксама дыпляматам па ўсім сьвеце. Гэта раскрыцьцё інфармацыі, паводле абвінавачаньня, «падвяло пад сур'ёзную рызыку бясьпеку Злучаных Штатаў».
Да гэтага часу Вашынгтон зьбіраўся судзіць Асанжа толькі за спробы ўзлому кампутарнай сеткі Пэнтагону. Максымальны тэрмін пакараньня за гэтае злачынства — пяць гадоў. Новыя абвінавачаньні могуць прывесьці да больш суровага пакараньня ў выпадку экстрадыцыі Асанжа зь Вялікай Брытаніі ў ЗША. Паводле афіцыйных прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі, максымальнае пакараньне па кожным з 17 новых пунктаў абвінавачаньня складае 10 гадоў зьняволеньня.
Сам Асанж адмаўляе ўсе абвінавачваньні. Яго адвакаты кажуць, што іхнага кліента перасьледуюць за журналісцкую дзейнасьць. Аднак памочнік генпракурора ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Дэмерс адхіліў гэтую заяву, сказаўшы, што «Джуліян Асанж не зьяўляецца журналістам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Асанжа выставілі абвінавачаньне ў дапамозе ўзламаць пароль Мінабароны ЗША- Аўстраліец Джуліян Асанж заснаваў сайт WikiLeaks у 2006 годзе. У 2009 годзе, паводле матэрыялаў суду, ён папрасіў інтэрнэт-карыстальнікаў падзяліцца зь ім сакрэтнай інфармацыяй, зьвязанай зь дзейнасьцю ўладаў ЗША.
- Брэдлі Мэнінг, які ў той момант служыў у Іраку ў вайсковай выведцы, адгукнуўся на гэтую просьбу і перадаў Асанжу базы дадзеных, у якіх было 90 тысяч справаздач аб вайне ў Аўганістане, каля 400 тысяч справаздач пра вайну ў Іраку, 800 аналітычных запісак аб рабоце Гуантанама, а таксама 250 тысяч тэлеграм Дзярждэпартамэнту. Тысячы гэтых дакумэнтаў пасьля былі апублікаваныя на партале.
- У ЗША за гэта на Асанжа завялі справу ў сувязі з уцечкай сакрэтных дадзеных. ЗША дамагаюцца выдачы аўстралійца ўжо некалькі гадоў.
- Мэнінг (які да таго часу зьмяніў пол і імя на Чэлсі) асудзілі да 7 гадоў зьняволеньня за яе ролю ў скандале зь WikiLeaks. Барак Абама, незадоўга да пакіданьня пасады прэзыдэнта, памілаваў яе.
- У 2012 годзе Асанж схаваўся ў амбасадзе Эквадора ў Лёндане, каб пазьбегнуць выдачы ў Швэцыю па абвінавачаньні ў згвалтаваньні. У красавіку вэнэсуэльскія ўлады пазбавілі Асанжа прыстанішча і выдалі брытанскім уладам. Цяпер ён адбывае ў брытанскай турме тэрмін 50 тыдняў за парушэньне ўмоваў вызваленьня пад заклад. Акрамя таго, суд разглядае справу аб ягонай экстрадыцыі ў ЗША. Пра намер патрабаваць выдачы Асанжа таксама заявіла Швэцыя.