Амэрыканская ракета-носьбіт Falcon 9 у пятніцу раніцай вывела на арбіту 60 міні-спадарожнікаў праекту Starlink, прызначаных для стварэньня глябальнай сеткі перадачы інтэрнэт-трафіку.
Пра гэта паведамляецца ў твітэры кампаніі SpaceX Ілана Маска. Запуск двуступеньчатай ракеты быў ажыцьцёўлены з касмадрому на мысе Канавэрал у штаце Флорыда.
Першая ступень Falcon-9 ужо зрабіла пасадку на плывучую плятформу ў Атлянтычным акіяне. Другая ступень таксама пасьпяхова аддзялілася. Трансьляцыя запуску вядзецца на Youtube-канале SpaceX.
Запуск ракеты адкладаўся двойчы. Першапачаткова старт быў заплянаваны на 16 траўня, але яго давялося перанесьці — спачатку празь непагадзь, потым — для пераправеркі абсталяваньня.
Праект Starlink, які распрацоўваецца з 2015 году, закліканы забясьпечыць надзейны і высакахуткасны доступ у інтэрнэт у любым пункце плянэты. Два тэставыя спадарожнікі былі пасьпяхова запушчаныя ў лютым 2018 году. На працягу некалькіх гадоў Ілан Маск плянуе вывесьці на арбіту некалькі тысяч падобных касьмічных апаратаў. Агульная сума інвэстыцый для рэалізацыі праекту ацэньваецца ў 10 мільярдаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбагацейшы ў сьвеце чалавек паказаў праект апарата калянізаваць Месяц