Бізнэс-супольнасьць і юрысты лічаць, што новыя нормы Падатковага кодэксу могуць быць яшчэ горшыя за ўказ № 488 аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам. Паколькі ў артыкуле 33 дакумэнту няма ясных і канкрэтных тлумачэньняў, у чыноўнікаў і кантралёраў застаецца магчымасьць інтэрпрэтаваць нормы закону супраць прадпрымальнікаў, пабойваюцца экспэрты.
Карагін: «Артыкул 33 Падатковага кодэксу прыняты без узгадненьня зь бізнэс-супольнасьцю»
Старшыня Вышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін тлумачыць, што гэта прамежкавыя зьмены ў Падатковы кодэкс, зараз рыхтуецца чарговы этап дапаўненьняў і зьменаў у дакумэнт. Але ўрад па-ранейшаму дрэнна чуе бізнэс.
«Артыкул 33 Падатковага кодэксу наагул прыняты без узгадненьня зь дзелавой супольнасьцю. Ня ўсе пытаньні, якія фармулюе і абгрунтоўвае бізнэс-супольнасьць, прымаюцца. Шмат што адкладаецца на потым — з боку ўраду ідзе такая млявая і несумленная гульня. Я не магу сказаць, што гэта непрафэсіяналізм — хутчэй за ўсё, каманда ўраду проста занятая нейкімі іншымі пытаньнямі, яны працуюць у экстрэмальным рэжыме, у іх шмат пажарных пытаньняў», — кажа Ўладзімер Карагін.
23 траўня ў менскім офісе Ўсясьветнага банку беларускія бізнэсоўцы, запрасіўшы прадстаўнікоў Міжнароднай фінансавай карпарацыі, абмяркоўвалі праблемныя пытаньні падаткаабкладаньня ў Беларусі, кажа Ўладзімер Карагін. І пералічыў некаторыя з вострых пытаньняў, якія гучалі на нарадзе.
- «Спрошчанае падаткаабкладаньне ў рыэлтэраў.
- Амністыя капіталу.
- ПДВ па адгрузцы прадукцыі — ты яшчэ не прадаў, а ўжо падатак плаціш.
- На каго ідуць выдаткі пры ўвядзеньні электроннага ўраду — хто будзе плаціць? Як малы бізнэс вытрымае гэтыя плацяжы? Мы за электронны ўрад, за простыя адміністрацыйныя працэдуры, каб клікам можна было аплаціць. А некаторыя раённыя падатковыя інспэкцыі патрабуюць, каб электронны лічбавы подпіс быў на кампакт-дыску (не на флэшцы). Калі прадпрымальнікі кажуць, што ўжо няма дыскаводаў у кампутарах, чуюць у адказ: набудзьце.
- Вельмі складаная сыстэма першасных уліковых дакумэнтаў пры налічэньні падаткаў, таварна-транспартныя накладныя, іншыя паперы.
Гэта толькі частка праблемаў. Мы пра гэта кажам, хочам, каб нас пачулі, але пакуль урад нас ня чуе», — кажа Ўладзімер Карагін.
Раманчук: «У 99% выпадкаў больш важкім у судзе будзе слова кантралёра, а не прадпрымальніка»
Эканаміст, былы сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнту Яраслаў Раманчук распавёў Свабодзе, што нядаўна былі праведзеныя тры апытаньні розных бізнэс-груповак: індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.
«90% апытаных сказалі, што яны ня бачаць пазытыўнага ўплыву Дэкрэту № 7, тым больш адмены 488-га ўказу. Таму што інтэрпрэтацыя чыноўнікамі і кантралёрамі новых нормаў Падатковага кодэксу будзе не на карысьць прадпрымальнікаў. А калі няма яснага і дакладнага тлумачэньня, у чыноўнікаў і кантралёраў ёсьць магчымасьць нормы закону выкарыстоўваць супраць прадпрымальнікаў. Так яно і будзе, таму што пляны па спагнаньні штрафаў і пакараньнях яшчэ ніхто не адмяняў.
Да прыкладу, ідуць спрэчкі наконт таго, што можна ўключаць у вытворчыя выдаткі, што нельга. І тут калі на вагу паставіць слова прадпрымальніка і слова падатковага кантралёра — чыё слова будзе ў судзе больш важкім? У 99% больш важкім, безумоўна, у судзе будзе слова кантралёра. Адсюль такі пэсымізм з боку бізнэс-супольнасьці», — кажа Яраслаў Раманчук.
Маргелаў: «У законе чытаеш быццам бы адно, а ў нашых судах судзяць зусім інакш»
Сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва, сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў лічыць, што пакуль цяжка казаць пра наступствы зьменаў у Падатковы кодэкс. На яго думку, чыста фармальна, павярхоўна сытуацыя для прадпрымальнікаў быццам бы палепшылася. Але сказаць, што пытаньне закрыта і наступствы ня будуць праяўляцца, было б заўчасна. Пралазы, каб караць прадпрымальнікаў, па-ранейшаму засталіся.
«Усё пытаньне ў тым, як пойдзе судовая практыка. Таму што ў законе быццам бы чытаеш адно, а ў судах судзяць па-іншаму», — мяркуе спадар Маргелаў.
Ён прывёў прыклад, зьвязаны з канфіскацыяй тавару ў прадпрымальнікаў. Да дэкрэту № 7 у 80–90% выпадкаў парушэньняў ішла «спадарожная» канфіскацыя тавараў. Калі бізнэсоўцы ўзьнялі пытаньне і калі на працягу 6 месяцаў працавала рабочая група — працэнт канфіскацыі тавараў упаў з 90% да 40%.
«То бок нічога ў законах не памянялася, а канфіскацыю сталі ў два разы радзей прымяняць. Трэба, каб законы ўсе адназначна трактавалі, каб не было інтэрпрэтацый. А пакуль хочацца спадзявацца, што карных захадаў стане менш, але наколькі менш, пакуль ніхто ня скажа. Каб рабіць канкрэтныя высновы, ці прасьцей стане жыць прадпрымальнікам, пакуль недастаткова інфармацыі», — робіць выснову Віктар Маргелаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра малы і сярэдні бізнэс: «Драбнота» і «тарбэшачнікі»