Суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да былога начальніка крымінальнай міліцыі Чачэрскага РАУС. Яму інкрымінуецца дзевяць эпізодаў. Сярод злачынстваў — махлярства, падбухторваньне да хабару, падробка дакумэнтаў.
Разам з былым міліцыянтам пад крымінальны перасьлед падпалі яго сястра, грамадзянская жонка і два паляводы зь вёскі Роўкавічы. Сваякі маёра міліцыі працавалі ў райвыканкаме і бальніцы. Паводле абвінавачаньня, яны дапамагалі міліцыянту ў розных махінацыях — дакумэнтальна ўзаконьвалі яго злачынствы.
Паляводы па сутнасьці былі «падстаўнымі асобамі».
36-гадовы Дзьмітры Яўстраценка з 2004 году служыць у міліцыі. З 2011 году ён быў старэйшым упаўнаважаным групы наркакантролю РАУС. Паводле абвінавачаньня, на пасадзе старэйшага опэра наркакантролю Дзьмітры Яўстраценка ад 2014 да 2017 году ўчыніў шэраг злачынстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі будуць судзіць раённага начальніка крымінальнага вышуку зь сям’ёйПазьбегнуць крымінальнай адказнасьці за наркотыкі — ад 300 да 2400 даляраў
Травень-чэрвень 2014 году. У Чачэрскую раённую лякарню трапіў мясцовы жыхар з прыкметамі наркатычнага атручэньня. Лякарня перадае ў міліцыю зьвесткі пра такі выпадак. Старэйшы апэратыўны упаўнаважаны Яўстраценка праводзіць праверку. Ён прапануе грамадзяніну «вырашыць пытаньне» за 300 даляраў. Столькі каштуе пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці і падмяніць вынікі мэдыцынскіх дасьледаваньняў аб знаходжаньні ў крыві наркатычных рэчываў.
Месьціч перадаў Яўстраценку 100 рублёў — нібыта для перадачы ў пракуратуру, і яшчэ 100 — для перадачы «кампэтэнтным асобам» за падмену аналізаў. Больш у яго грошай не было.
Абвінавачаньне кваліфікавала дзеяньні міліцыянта як падбухторваньне да хабару і махлярства — таму што грашамі Яўстраценка завалодаў сам і ні з кім не дзяліўся.
Травень 2016 году. У ізалятар часовага ўтрыманьня трапіў мясцовы жыхар, у якога знайшлі «здробненае рэчыва расьліннага паходжаньня, падобнае на марыхуану». Матэрыялы праверкі разглядае Яўстраценка. Ён пераканаў жонку затрыманага перадаць яму ў агульнай суме 2400 даляраў. На такую суму міліцыянт ацаніў вызваленьне з ІЧУ і адсутнасьць крымінальнага перасьледу для затрыманага.
Дзеяньні кваліфікаваныя як махлярства.
Студзень 2017 году. У затрыманага мясцовага жыхара ў крыві было знойдзена наркатычнае рэчыва. Яўстраценка папрасіў у наркамана 600 даляраў — для перадачы «кампэтэнтным асобам», якія падменяць вынікі аналізаў. Столькі грошай у залежнага не было. Ён перадаў праз палявода 300 даляраў, бутэльку гарэлкі, бутэльку каньяку і цукеркі.
Гэта кваліфікавана як яшчэ адзін эпізод махлярства.
Яшчэ ў аднаго затрыманага Яўстраценка прасіў тысячу даляраў — за адсутнасьць крымінальнай справы. Але той ня меў такіх грошай.
Завалодаць домам, пагражаючы гаспадару сфабрыкаванай справай
Чэрвень 2015 году. Міліцыянт захацеў завалодаць домам у Чачэрску. Не для сябе — для былой цешчы. «Пад пагрозай фальсыфікацыі доказаў захоўваньня наркотыкаў і распаўсюджаньня парнаграфіі прымусіў пацярпелага прадаць былой цешчы ягоны дом». Пацярпелы за свой дом атрымаў 5 тысяч даляраў і патрыманы «Нісан». Сам застаўся без жытла. Цяпер ён на заробках у Расеі і не зьявіўся на суд.
Дзеяньні міліцыянта кваліфікаваныя як перавышэньне ўлады.
Захапіў кватэру псыхічнахворага
Люты 2016 году. Міліцыянт даведаўся, што ў Нісімкавіцкай лякарні сястрынскага дагляду знаходзіцца недзеяздольны псыхічнахворы грамадзянін, які мае кватэру ў Чачэрску. Для псыхічнахворага апэратыўнік падшукаў апекуна — свайго знаёмага палявода зь вёскі Роўкавічы.
Грамадзянская жонка Яўстраценкі, якая працавала ў лякарні, дапамагла «апекуну» напісаць неабходныя заявы і падрыхтавала праект рашэньня аб прызначэньні апекі. Хворага забралі зь лякарні, завалодалі ключом ад яго кватэры ў Чачэрску і перавезьлі жыць у Роўкавічы.
«Кватэрай карысталіся ў сваіх інтарэсах», — зазначыў дзяржаўны абвінаваўца.
Пазьней «апекуны» спрабавалі прадаць кватэру. Але райвыканкам адмовіў ім у гэтым. Гэты эпізод стаў чарговым крымінальным артыкулам для опэра — махлярствам.
Забралі грошы ў недзеяздольнага з дэмэнцыяй
Сакавік 2018 году. Начальнік крымінальнай міліцыі «ўзяў у распрацоўку» састарэлага, які знаходзіўся ў Нісімкавіцкай лякарні сястрынскага дагляду. Састарэлы быў пазбаўлены дзеяздольнасьці праз псыхічнае захворваньне (дэмэнцыю) і знаходзіўся на дзяржаўным утрыманьні. На яго рахунку ў банку было каля 11 тысяч рублёў.
Паводле, абвінавачаньня, міліцыянт дамовіўся са знаёмым паляводам і ягонай грамадзянскай жонкай — каб яны аформілі апеку над старым чалавекам.
Грамадзянская жонка міліцыянта, якая працавала ў раённай лякарні, дала загад аддаць старога чалавека пад дагляд паляводаў, хоць апека не была аформлена.
Кампанія зь міліцыянта і двух паляводаў пасадзілі састарэлага ў аўтамабіль і павезьлі ў банк. Жанчына-палявод у касе банку прадставілася блізкай сваячкай састарэлага і зьняла зь яго рахунку 5 тысяч рублёў.
Затым састарэлага павезьлі да натарыюса ў Буда-Кашалёва. Там злачынная групоўка спрабавала аформіць дамову дарэньня кватэры састарэлага. Натарыюс адмовілася ад зьдзелкі.
Тады састарэлага зноў павезьлі ў банк у Буда-Кашалёва, каб зьняць астатнія грошы — 6 тысяч рублёў. Супрацоўнікі банку адмовіліся выдаць грошы і выклікалі міліцыю. Міліцыя распачала праверку.
Дзьмітры Яўстраценка дамовіўся са сваёй сястрой — кіраўніцай справамі Чачэрскага райвыканкаму, і яна апэратыўна дапамагла — аформіла паперы на апякунства над састарэлым, заднім чыслом.
Дзьмітры Яўстраценка ў судзе цалкам не прызнаў сваю віну. Разгляд крымінальнай справы працягваецца.