23 траўня суд Фрунзенскага раёна Менску абвясьціў прысуд Сяргею Семіжону, намесьніку галоўнага лекара мэдцэнтру Мінскага трактарнага заводу(МТЗ). Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў 28 тысяч даляраў, паведамляе Tut.by. На судзе Сяргей Семіжон прызнаўся, што ўпершыню ў жыцьці апынуўся ў такой сытуацыі, і назваў гэта «бясконцым сорамам».
Судовае пасяджэньне доўжылася амаль месяц. Сяргей Семіжон часткова прызнаў сваю віну, не адмаўляў, што браў хабар, але настойваў:
«Адзінага намеру не было». Яшчэ падчас папярэдняга расьсьледаваньня намесьнік галоўнага лекара мэдцэнтру МТЗ пагасіў шкоду, ён вярнуў 28 тысяч даляраў, якія ён атрымаў у якасьці хабару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы на мінулым тыдні вядучы анэстэзіёляг выйшаў на працуПадтрымаць Сяргея Семіжона на абвяшчэньні прысуду прыйшлі яго родныя і блізкія. У судзе ў якасьці сьведак выступалі былыя падначаленыя Семіжона. Яны распавялі, што пры ім стаў вышэйшым заробак, а цэнтар пачаў закупляць сучаснае абсталяваньне. Пасьля затрыманьня намесьніка галоўнага лекару супрацоўнікі сталі звальняцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заробак і жыльлё». Міністар аховы здароўя распавёў, як лекараў будуць заахвочваць заставацца ў БеларусіПракурор Жанна Баранава прасіла суд прызнаць лекара вінаватым і прысудзіць да 7,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Суд абвясьціў прысуд: Семіжон прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 430 (Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры) і асуджаны да 7,5 года пазбаўленьня волі.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Па рашэньні суду, у казну дзяржавы будуць пералічаныя ўсе грошы, якія паступілі на рахунак КДБ ад сям’і Семіжона:
- 26 915 даляраў, 790 эўра, 428 рублёў.
- Пад арыштам застаюцца 100 даляраў, дом у вёсцы, два гаражы ў Менску і Mercedes 2007 года выпуску.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.