Сёньня ў нас гутарка з паэтам Віктарам Жыбулем, які ў дадатак зьяўляецца вядучым навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва ў Менску. Гаворым пераважна пра тое, навошта і каму патрэбная паэзія, але крыху чапляем таксама іншыя заняткі Віктара — літаратуразнаўства і архівістыку.
Прозьвішча Віктара Жыбуля завязла мне ў вушах гадоў 20 таму, калі ў мае рукі патрапіла ягоная паліндромная паэма «Рогі гор». З таго часу мяне вярэдзіла пытаньне, як і навошта ён гэтую паэму напісаў. Нарэшце я наважыўся паставіць яму гэтае пытаньне рубам.
Як звычайна ў «Гутарках зь Янам», на сайце я даю толькі кароткія фрагмэнты выказваньняў майго суразмоўніка. Поўная краса — у аўдыёфайле.
Аўтар фота на застаўцы: Benediktas Januševičius
Розьніца паміж празаікам і паэтам
«Празаік, калі пачынае пісаць, ён ужо ведае, пра што ён напіша і што ў яго атрымаецца. А ў паэта, усё ж такі, трошкі інакш. Ён ня ведае, дзе яго можа ахапіць натхненьне, і нават калі пачне пісаць верш, яшчэ ня будзе ведаць, чым гэты верш скончыцца».
Цудоўнае вынаходніцтва
«Паэзія — гэта вельмі цудоўны сродак камунікацыі. Прычым, з дапамогай яе можна камунікаваць ня толькі са сваімі знаёмцамі, але і з тымі людзьмі, якіх ты ўвогуле ня ведаеш, але якія прачытаюць твае вершы дзесьці ў часопісе або ў інтэрнэце. І, адпаведна, камунікаваць зь людзьмі, якія жылі задоўга да цябе або будуць жыць пасьля цябе. Таму ў гэтым пляне паэзія — гэта, можна сказаць, адно з найбольш цудоўных вынаходніцтваў».
Пра адзін з творчых імпульсаў
«Я чалавек, які часта піша нешта такое, чаго яму не хапае ў беларускай літаратуры або ў фармальным, або ў стылістычным пляне».
Спакушаны паліндромамі
«Я быў вельмі зачараваны гэтай паэтычнай формай. Заўсёды мяне ўражвала, калі радок чытаўся і зьлева направа, і справа налева, і пры гэтым яшчэ захоўваўся нейкі сэнс. Паліндром, на маю думку, гэта той выпадак, калі мова зьяўляецца адначасова і матэрыялам, і інструмэнтам, і ў нейкім сэнсе суаўтарам паэта».
«Горад — там шмат дарог»
«У нас быў такі выпадак, калі двум розным чалавекам у галаву прыйшоў той самы паліндром. Напрыклад Серж Мінскевіч напісаў верш пад назвай „Горад — там шмат дарог“ і вельмі радаваўся з гэтай нагоды, пакуль яму не сказалі, што дакладна такі самы радок ёсьць у Рыгора Крушыны. І Серж Мінскевіч у творчых пакутах прыдумаў новы варыянт свайго радка — „Горад — тут пуп дарог“, які наадварот чытаецца як „Горад — пуп тут дарог“».
Усхваленьне літаратуразнаўцаў
«Я не лічу нейкім мінусам тое, што большасьць вершаў пэўнага паэта будзе цікавая толькі літаратуразнаўцам. Бо літаратуразнаўцы — гэта самыя ўважлівыя, адданыя і ўдзячныя чытачы. Калі б не было гэтай любові да слова, да літаратуры, яны не рабіліся б літаратуразнаўцамі. Гэта напэўна вельмі каштоўныя людзі ў наш час, калі чытае ў прынцыпе ня так шмат народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Срэбная воля», або Менскія адрасы зьняволенага паэта Ўладзімера ХадыкіЧым цікавыя беларускія паэты 1920-х і 1930-х
«Найчасьцей я гляджу на спадчыну тых паэтаў не праз прызму мартыралёгіі. Я нават магу пачаць дасьледаваць творчасьць нейкага паэта, абсалютна нічога ня ведаючы пра ягоны лёс і ягоную біяграфію. (…)
Скажам, зачапіў мяне неяк верш у адным з выданьняў 20-х гадоў: „Загубіла зара залатая ключы“. Верш уяўляе зь сябе такі цікавы экспэрымэнт у галіне строфікі, там шмат што будуецца на паўторах розных фраз, яны там даволі ўдала абгульваюцца. Аўтар верша — Янка Валасэвіч. Я пра яго нічога ня ведаў на той момант і пачаў шукаць ягоныя іншыя вершы, пачаў шукаць нейкія біяграфічныя зьвесткі. (…)
Паэзія міжваеннай Беларусі мае напэўна сваю непаўторную эстэтыку. Сучасныя паэты так ужо ня пішуць. І калі сёньня нехта захоча даведацца больш пра тую эпоху, пра тыя часы, неяк прасякнуцца той атмасфэрай, то варта ўзяць, пагартаць і пачытаць кнігі тых паэтаў і пісьменьнікаў, бо нашыя сучасьнікі тады не жылі і так добра пра той час не напішуць».
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.