У штаце Вашынгтон дазволілі рабіць кампост з чалавечых парэштак. Падрабязнасьці новай тэхналёгіі

Губэрнатар амэрыканскага штату Вашынгтон Джэй Інсьлі 21 траўня падпісаў закон, які дазваляе ператвараць чалавечыя рэшткі ў кампост.

Такое рашэньне ў ЗША ўпершыню прынятае на ўзроўні штату і наўпрост зьвязанае з экалягічнымі поглядамі самога Інсьлі і ўраду, які ён узначальвае. Губэрнатар актыўна змагаецца са зьменамі клімату і лічыць, што гэткі «экалягічны» мэтад пахаваньня прынясе значна больш карысьці прыродзе, чым традыцыйнае пахаваньне або крэмацыя.

Падобны закон аб кампосьце ўжо дзейнічае ў Швэцыі, дзе ўлады таксама надаюць увагу пытаньням экалёгіі, а ў Вялікабрытаніі дапускаецца пахаваньне цела без труны або ў труне зь біяраскладальных матэрыялаў.

Закон тычыцца толькі жыхароў штату Вашынгтон і ўступіць у сілу ў траўні наступнага году. Яго прыняцьця дамагалася кампанія Recompose, якая якраз асвоіла тэхналёгію ператварэньня парэштак у кампост, прыдатны для ўгнаеньня глебы. Гэты мэтад, як спадзяюцца ўлады, таксама можа вырашыць праблему недахопу месцаў для пахаваньня ў буйных гарадах, дзе колькасьць могілак і месцаў на іх абмежавана.

Паводле тэхналёгіі, цела памерлага чалавека зьмяшчаецца ў сталёвы кантэйнэр, запоўнены травой, драўлянай дранкай і саломай. Пасьля гэтага кантэйнэр закрываюць, і цела ў ім раскладаецца натуральным чынам не даўжэй за 30 дзён. Вынік — кампост у колькасьці прыблізна роўнай двум садовым тачкам. Родныя і блізкія памерлага могуць яго забраць і выкарыстоўваць для пасадкі кветак, гародніны або дрэваў.

Акрамя экалягічных аспэктаў, перапрацоўка ў кампост можа абысьціся таньней, чым пахаваньне. Сярэднія пахаваньні ў ЗША цяпер каштуюць ад 8 да 25 тысяч даляраў, а крэмацыя — каля 6 тысяч. Перапрацоўка ў кампост, паводле заяваў кампаніі, будзе каштаваць 5,5 тысяч.

«Мы лічым, што ў людзей павінна быць свабода распараджацца сваім целам», — падкрэсьліваў сэнатар Джэймі Пэдэрсэн, які таксама падтрымаў закон. У Recompose у сваю чаргу лічаць, што такі кампост — «натуральны, бясьпечны і экалягічны» мэтад, у адрозьненьне ад традыцыйнага пахаваньня з выкарыстаньнем труны і бальзамаваньня цела.