Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 23 траўня ў стрыме журналіста Зьмітра Лукашука з Палаты прадстаўнікоў расказаў дэталі справы аб сьмерці міліцыянта Яўгена Патаповіча.
Пра аблавы на цыганоў
Шуневіч пацьвердзіў, што падчас расьсьледаваньня супрацоўнікі міліцыі правяралі вэрсію пра датычнасьць да здарэньня цыганоў.
Міністар патлумачыў гэта неабходнасьцю сьледзтва і паведамленьнем Патаповіча пра выкраданьне цыганамі.
«Я ацэньваю дзеяньні сваіх падначаленых у гэтай частцы абсалютна абгрунтаванымі і адпаведнымі абставінам, у якіх адбывалася раскрыцьцё гэтага асабліва цяжкага злачынства. Для гэтага былі абгрунтаваньне і падставы. Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на атрыманых на той час доказах. Крыніцай доказаў была інфармацыя ад ахвяры. Сумневаў у сапраўднасьці гэтых зьвестак на той момант у нас не было. Мы былі абавязаныя праверыць усе гэтыя вэрсіі. У тым ліку і тую вэрсію, на падставе якой прынялі рашэньне аб праверцы дыяспаральнай часткі пэўных нашых грамадзян», — сказаў Шуневіч.
Калі пракуратура выявіць парушэньні ў затрыманьні, адкажуць усе, у тым ліку міністар, адзначыў Шуневіч.
«У міністра няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — сказаў Шуневіч.
У адказ на пытаньне Лукашука Шуневіч дадаў, што не баіцца абвінавачваньняў у ксэнафобіі за гэту цытату.
Пра вэрсіі сьмерці Патаповіча
Шуневіч сказаў, што вэрсія пра самагубства Патаповіча дагэтуль застаецца «адзінай прыярытэтнай», але разглядаюцца і іншыя варыянты падзей. За некалькі хвілінаў да гэтага Шуневіч называў вэрсію пра самагубства «ісьцінай у справе».
Міністар адзначыў, што крымінальную справу аб забойстве міліцыянта не перакваліфікоўвалі. Ён дадаў, што да высновы аб самагубстве Патаповіча сьледзтва прыйшло «практычна» ў ноч зь пятніцы на суботу, напярэдадні ўрачыстага пахаваньня міліцыянта.
Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?
- 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
- 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
- 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
- 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
- 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.
- Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
- 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
- 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».