На перапахаваньне сабралася некалькі соцень чалавек разам з кіраўніком гарвыканкаму і замежнымі дыпляматамі.
Берасьцейскае гета існавала з 16 сьнежня 1941 году па 18 кастрычніка 1942. Яго вязьнямі сталі яўрэі Берасьця і навакольных вёсак. Улічваючы тое, што Берасьце было акупаванае ў першыя гадзіны вайны, у гета трапіла практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва гораду — каля 20 тысяч чалавек. Жывымі зь яго выйшлі ўсяго 19 чалавек.
Большасьць зь вязьняў берасьцейскага гета былі забітыя недалёка ад станцыі Бронная гара, ля Бярозы. Аднак як мінімум некалькі тысяч чалавек былі расстраляныя і пахаваныя непасрэдна на тэрыторыі гета, у цэнтры сучаснага Берасьця.
Найбольшая колькасьць забойстваў вязьняў гета ў Берасьці адбылася падчас яго ліквідацыі на працягу трох дзён — 16-18 кастрычніка 1942 году.
Дакладная колькасьць забітых на тэрыторыі гета невядомая. Археалягічныя дасьледаваньні на тэрыторыі гета ў Берасьці ніколі не праводзіліся.
Чалавечыя парэшткі, якія урачыста перазахавалі на Паўночных могілках у Берасьці, былі знойдзеныя выпадкова падчас будоўлі элітнага жылога кварталу.
Чалавечыя парэшткі знайшлі рабочыя, якія капалі катлаван для будучай будоўлі. Інфармацыя пра знаходку стала публічнай дзякуючы жыхарцы аднага з дамоў побач з будоўляй. Яна апублікавала відэа ў сваім інстаграм. На ім было бачна, як рабочыя дастаюць з катлавану чалавечыя парэшткі.
Будоўля на месцы знаходкі была спыненая пасьля звароту берасьцейскага гісторыка Ірыны Лаўроўскай у Генпракуратуру. Працы на будоўлі не адноўленыя дагэтуль.
Паводле афіцыйнай інфармацыі берасьцейскага гарвыканкаму, агулам былі знойдзеныя парэшткі 1214 чалавек.
Гэта не першая падобная знаходка на тэрыторыі берасьцейскага гета. У 60-ыя гады падчас будаўнічых прац там былі знойдзеныя рэшткі больш чым 600 чалавек.
Знойдзеныя сёлета парэшткі вязьняў берасьцейскага гета гарадзкія ўлады вырашылі перапахаваць на Паўночных могілках, за 6 кілямэтраў ад горада. Берасьцейскія актывісты ў якасьці альтэрнатыўнага варыянта прапаноўвалі правесьці перапахаваньне на месцы былых яўрэйскіх могілак, побач з цэнтрам гораду.
На месца перапахаваньня на Паўночных могілках згодна з яўрэйскай традыцыяй была прывезеная зямля зь месца папярэдняга пахаваньня. На ёй разьмясьцілі 120 трунаў з парэшткамі вязьняў гета.
Вядомыя імёны каля 12000 ахвяр берасьцейскага гета, яны захаваліся ў гарадскіх архівах. Яшчэ каля 8 тысяч ахвяр застаюцца невядомымі.
Падчас будаўнічых прац на тэрыторыі берасьцейскага гета акрамя чалавечых парэшткаў былі знойдзеныя асабістыя рэчы ахвяр, у тым ліку дзіцячы абутак і вопратка. Ніводная з 1214 ахвяр, чые парэшткі знайшлі ўзімку 2019 году, не была ідэнтыфікаваная.
Берасьцейскія актывісты і гісторыкі мяркуюць, што на тэрыторыі былога гета могуць знаходзіцца іншыя невядомыя пакуль пахаваньні. Гарадзкія ўлады пакуль не плануюць праводзіць там раскопкі.
Будаўніцтва кварталу элітнага жыльля, спыненае пасьля знаходкі чалавечых парэштак, павінна аднавіцца ў бліжэйшы час.
Гісторык Ірына Лаўроўская прапанавала замест жылога кварталу стварыць на месцы знаходкі масавага пахаваньня мэмарыяльны сквер. Яе пэтыцыю з гэтай прапановай падпісалі 745 чалавек.