Другі год запар асноўны ўладальнік кампаній «Санта Брэмар» і «Савушкин продукт» Аляксандар Машэнскі ўзначальвае рэйтынг «Топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі», які штогод складае онлайн-партал «Ежедневник».
Лідэр рэйтынгу — уладальнік «Санта Брэмар», «Савушкин продукт», «Рублёўскі»
Як адзначае «Ежедневник», летась Аляксандар Машэнскі стаў хэдлайнэрам самых значных M&A-пагадненьняў («Зьліцьця і паглынаньня» кампаній) на беларускім рынку. Прычым берасьцеец «адзначыўся» адразу ў двух яго сэгмэнтах — у малакаперапрацоўчым і ў раздробным гандлі.
Каб рэанімаваць сваю даўнюю ідэю стварэньня нацыянальнай малочнай кампаніі, якую на гэты раз падтрымалі ўлады, у 2018 годзе Машэнскі атрымаў кантроль над двума буйнымі дзяржаўнымі малакаперапрацоўчымі камбінатамі — у Бярозе і Оршы. Сёлета бізнэсовец скупляе акцыі Баранавіцкага малочнага камбінату і не выключае пераходу на міжнародны ўзровень: куплі дзейных бізнэсаў на рынках прысутнасьці — у Расеі і Ўкраіне.
Дарэчы, на расейскім рынку аб’яднаны бізнэс «Савушкина продукта», «Санта Брэмара» і рыбаперапрацоўчага вытворчага актыву «Русского моря» займае другое месца ў выручцы (дадзеныя на 2017 год) сярод кампаній зь беларускім капіталам. Вышэй толькі БелАЗ, а кампаніі Аляксандра Машэнскага апярэджваюць у продажах даччыныя структуры БМЗ, «Белнафтахіму», МТЗ, МАЗ, Беларускай нафтавай кампаніі і «Беларуснафты».
Летась бізнэсовец атрымаў кантроль над крамамі «Рублёўскі». Гэта пагадненьне дазволіла яму ўвайсьці ў топ-5 найбуйнейшых рэтэйлераў краіны.
Хто яшчэ ў рэйтынгу
Другое месца ў абноўленым топе занялі Аркадзь Добкін — прэзыдэнт і старшыня рады дырэктараў амэрыканска-беларускай кампаніі EPAM Systems EPAM, якая распрацоўвае праграмаваньне для вядучых тэхналягічных кампаній сьвету і лічыцца адной з ІТ-кампаній у сьвеце, што найбольш хутка растуць.
Трэцяе месца ў Віктара Кіслага, генэральнага дырэктара кампаніі Wargaming, ІТ-гіганта зь Беларусі, распрацоўшчыка вядомай кампутарнай гульні World of Tanks. У топ-10 упершыню ўвайшоў вядомы бізнэсовец, заснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня.
У цэлым колькасьць прадстаўнікоў IT-сэктару і інвэстараў у рэйтынгу вырасла. Вырасьлі ў рэйтынгу, сярод іншых, новыя «гульнёвыя каралі» каралі Дзьмітры Шалянгоўскі і Аляксандар Мінец, фігурантка сьпісу Forbes у катэгорыі «Найлепшых тэхналягічных прадпрымальніц Эўропы» Любоў Пашкоўская, яе партнэры ды іншыя маладыя бізнэсоўцы.
У выданьні адзначаюць, што значна ўзняліся ў рэйтынгу «маладыя львы» — Аляксей Алексін, які стаіць за экспансіяй «Табакерак» у Беларусі, і кіраўнік берасьцейскага «Дынама» Аляксандар Зайцаў. І калі Алексін вядомы даўно і толькі ўмацаваў пазыцыі, стаўшы галоўным бэнэфіцыярам па некалькіх указах прэзыдэнта (у тытуні і мытным сэрвісе), дык Зайцаў на гэты раз пасунуў у рэйтынгу многіх уплывовых бізнэсоўцаў: ён за вельмі кароткі тэрмін стварыў канглямэрат, у якіх уваходзяць актывы ў лягістыцы, у галіне угнаеньняў і горнаруднай прамысловасьці, спорце і нават у вытворчасьці зброі.
Рэйтынг пашырыўся за кошт некалькіх новых прозьвішчаў бізнэсоўцаў, якія маюць беларускія пашпарты, але ў асноўным працуюць на суседніх рынках — у Расеі і Ўкраіне. Па прозьвішчах у цэлым новы топ-200 абнавіўся больш чым на чвэрць.