Алена Рудава жыве ў вёсцы Галавінцы Гомельскага раёну. 12 гадоў працуе на сябе. Гадуе і прадае куранят, гусянят і качанят. Мае добры прыбытак. Адзіны мінус — безьліч праверак з боку ўладаў. «Арганізатарка» бясконцых чыноўніцкіх візытаў — Аленіна суседка. «Такі яна чалавек. Ня ведаю — ці гэта зайздрасьць, ці жаба душыць», — уздыхае «генэрал» птушынага войска.
Начавала ў аўтамабілі, пакуль птушкам будавала хлеў
Дом у Галавінцах застаўся Алене зь сям’ёй у спадчыну ад бабкі. У канцы дзевяностых адзін сьвет абрынуўся, другі не паўстаў. Алена вырашыла пабудаваць свой. Каб ні ад кога больш не залежаць. Да канца 90-х яна рабіла на дзяржаўнай птушкафабрыцы. Заробкі ўпалі да крытычнага мінімуму. У мужа на заводзе — таксама.
Сям’я пераехала ў бабіну хатку. Гнілая падлога, са столі цячэ... Вырашылі пажыць у летняй кухні.
«Бо першым чынам я пачала ня хату рамантаваць для нас, а хлеў будаваць для птушак. Вырашыла, што буду займацца ці ружамі, ці птушкамі. Такія ў мяне былі мары», — кажа гаспадыня. Каб іх ажыцьцявіць, начавала ў аўтамабілі. Сям’я пабудавала хлеў для птушак, тады ўзялася за рамонт дома.
Алена пайшла на кірмаш, купіла 50 курэй. Потым даведалася — у Чарнігаве птушкі таньнейшыя. Паехала на дызэлі туды. «Узяла там сто галоў, пасадзіла ў бананавыя скрынкі і вязу. Ох, як успомню», — сьмяецца гаспадыня.
«А пятай пад’ём, апоўначы — адбой»
Даглядаць птушак, кажа Алена, цяжкая праца. Маладыя наўрад ці ўправяцца пры жаданьні заняцца такім «бізнэсам».
«Я прывучаная да працы, не баюся. Мая бабуля цяжка працавала — была Героем Сацыялістычнай Працы, маці была даяркай. У мяне а 5-й — пад’ём, а кладуся часам, як учора — каля паўночы. Выходных няма», — расказвае гаспадыня.
Двор, дом, гаспадарчыя пабудовы ўражваюць ідэальнай чысьцінёй і парадкам. У двары больш за 2 тысячы куранят, качанят і гусянят — і ніякага смуроду. Жоўтыя гусяняты — легарты, качкі — каралеўскія муларды гойсаюць па хлеўчуках і загонах, пасыпаных сьвежым пілавіньнем.
На сёньня ў Алены недзе 800 гусянят, 500 бройлераў, 500 нясушак і паўтары тысячы качак-мулардаў. Але маёмасьць гэтая вельмі рухомая — бо ўвесну сэзон прадаваць птушак.
«Людзі едуць на лецішчы, набываюць качанят і гусянят. Гадуюць да восені — і вяртаюцца ў кватэры зь мясам», — сьмяецца гаспадыня.
Яе асноўная рэкляма — добрая слава і сарафаннае радыё. Спачатку птушак набывалі знаёмыя, потым — знаёмыя знаёмых, потым — знаёмыя знаёмых знаёмых. Часам за тыдзень у дзьверы грукаюцца да 30–40 пакупнікоў.
«Я б яшчэ і карову купіла!»
У ваду гусянятам і качанятам Алена дадае вітаміны. У корм — адмысловыя дабаўкі.
«Кансультуюся па ўсіх пытаньнях з раённымі вэтэрынарамі. Ніколі мне не адмовілі ў дапамозе, у тым ліку практычнай — дзе што знайсьці, дзе выгадней набыць», — кажа гаспадыня.
Зімой птушнік трэба ацяпляць. Летам — пільна назіраць, каб у паілках была вада і птушаняты не пакутавалі ад сьпёкі. Карміць, паіць, даглядаць, вакцынаваць, чысьціць хлявы і клеткі, рабіць штодня дэзынфэкцыю — так у Алены з мужам праходзяць дзень за днём.
Дапамагае ў гаспадарцы і сястра. На будоўлі — малодшы брат. У астатніх гаспадарчых пытаньнях — уся радня. «Мы ўсе вельмі дружныя», — зазначае гаспадыня.
Ці падабаецца такое жыцьцё Алене?
«Ведаеце, вось шчыра — я б яшчэ карову купіла! Грады — саджаць, палоць — я не люблю. Птушкі — гэта маё. Яшчэ маё — кветкі, скульптуркі», — дадае вясковая працаўніца.
Сябры ведаюць Аленіны патрэбы і густы. Таму ў падарунак вязуць хто камень — для штучнага возера ў двары, дзе плаваюць кітайскія карпы, хто саджанцы, хто скульптуркі ўпрыгожваць двор.
Птушкі для Алены — ня толькі бізнэс, але і любоў.
«Быў бусел. Выпаў з гнязда — так шкада яго! Бегала па гародзе і лавіла яму жаб — усе суседзі рагаталі. А ён ня еў! Завезьлі яго ў птушыны прытулак пры царкве, з „пасагам“ — скрынкай марожанай мойвы», — кажа гаспадыня.
«Магла за месяц зарабіць тры разы па пяцьсот даляраў»
Цяжкая бясконцая праца і добрая слава прыносілі плён.
«У добрыя часы магла зарабіць, за вылікам электраэнэргіі, корму, вітамінаў ды іншага, да 3 тысяч рублёў. Тры разы па славутыя пяцьсот даляраў. Мае дзеці самастойныя, працуюць. Унукам я магу купіць, што ім трэба. Але цяпер ня вельмі добрыя часы», — кажа суразмоўца.
Алена Рудава плаціла адзіны падатак, аформіўшы прыватную падсобную гаспадарку. Але каля 2 гадоў таму насупраць пасялілася жанчына.
«Яна ўсё шукае праўды і справядлівасьці. Піша і піша скаргі ва ўсе інстанцыі. Неяк зьвярнулася да мяне. „Слухай, адчапіся, мне няма калі“, — адказала я ёй. І пайшлі ўжо скаргі на мяне ва ўсе інстанцыі. То смурод ідзе з майго двара, то пер’е і пух ёй ляціць (уявіце — праз вуліцу!), то я парушаю санітарныя нормы... Крыўдна вельмі. Я ж працую дзень і ноч!», — Алена ледзь ня плача.
Cанстанцыя неаднаразова праводзіла праверкі па скаргах суседкі Алены, але ніякіх парушэньняў не знайшлі. Пра гэты канфлікт выйшаў сюжэт на дзяржаўнай тэлевізіі.
За некалькі месяцаў — 32 праверкі
Алена кажа, што раней яна нікому з прадстаўнікоў улады не была патрэбная. Але калі ў інстанцыі прыходзяць скаргі, чыноўнікі мусяць рэагаваць, выяжджаць і «разьбірацца на месцы». За апошнія некалькі месяцаў яна перажыла 32 праверкі.
«Цяпер прахадны двор стаў у мяне. Толькі брамку зачыню — новая камісія ідзе. Санітарная станцыя, вэтэрынарная, райвыканкам, аблвыканкам... Яны правялі ў мяне праверку, не знайшлі парушэньняў, далі адказ на зварот. А суседка піша новую скаргу, нібыта зьявіліся новыя правапарушэньні з майго боку, зьмяняе фармулёўкі — і зноў да мяне ідуць камісіі. А са мной суседка не размаўляе, толькі кідае „Сустрэнемся ў судзе“», — гаворыць Алена.
Яна кажа, што ў вёсцы «ўсе дружныя».
«Ніколі такога не было, каб ад зайздрасьці елі адно аднаго! Хто кароў трымае, хто сьвіней ці птушак — як па-іншаму можа быць у вёсцы?», — кажа гаспадыня.
«Фізычна я ня стомленая. Але маральна — няма сіл»
Раней Алена прадавала гусянят і качанят проста ў двары — знаёмым і знаёмым знаёмых. Паводле заканадаўства, яна мусіць прадаваць птушку ў адмысловых месцах — ці на кірмашы, ці ў краме. У Гомель на кірмаш гаспадыня ня хоча птушанят вазіць.
«Пакуль давязеш іх сьпёкаю ды там адстаіш дзень — яны перадохнуць! Раней ніхто не зважаў, што я прадаю птушак проста з двара. Пасьля скаргаў суседкі мне давялося адкрыць у двары краму для продажу птушак. Цяпер усе апэрацыі ідуць праз касавы апарат. 5% з кожнага продажу даводзіцца аддаць. Шкада, бо гэта ж мая праца!», — абураецца жанчына.
Крама мае заяўлены рэжым працы. І кінуць яе — скажам, паехаць у горад ці па сваіх справах — Алена цяпер проста так ня можа. Трэба ехаць у аддзел эканомікі райвыканкаму і пісаць заяву з тлумачэньнем, чаму крама не працуе.
«Фізычна я ня стомленая — працавала б і працавала. Але маральна часам проста няма сіл. Так мяне гэта дабівае ўсё, — уздыхае гаспадыня. Але дадае, што здавацца яна не зьбіраецца: — Яшчэ чаго! Я зь дзяцінства баявая, дый гены — бабка, маці!».
Да Аленінай суседкі мы трапіць не змаглі. Грукалі ў акно, у дзьве брамкі — ніхто не адчыніў.
«Яна нікому не адчыняе, нават паштальёну, — заўважыла іншая суседка, якая выйшла на наш грукат. — Участковы неяк прыйшоў, дык яна яго так адчытала, што бяз формы і ня ў той час. Начальства неяк прыяжджала па скаргах — яна выйшла і кажа ім: „Без камэнтароў“. Вось і ўся размова».
Таксама у межах праекту «Безь дзяржавы» чытайце:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларусаў дзяржава ў галаве». Дзяўчына кінула працу архітэктара, каб мяць гліну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Браты з Горадні хочуць накарміць Беларусь нэапалітанскай піцай. З Пагоняй і Лукашэнкам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вясковы дзэн. Як «дармаеды» зь Менску пераехалі ў вёску і зарабляюць на збанках і мыле ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як былы палітуцякач пабудаваў аграсядзібу, каб захаваць памяць пра вёску продкаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас называюць сярэднявечнымі». Чаму сям’я з Магілёўшчыны адмаўляецца ад беларускага грамадзянства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сябе цалкам забясьпечваю». Гісторыя ткальлі ХХI стагодзьдзя