Зьвесткі 49 мільёнаў карыстальнікаў Instagram выяўленыя ў інтэрнэце ў адкрытай базе дадзеных, паведамляе выданьне Techcrunch.
Паводле інфармацыі выданьня, гаворка ідзе пра ўліковыя запісы зь вялікай колькасьцю падпісантаў, на старонках якіх разьмяшчалася рэкляма. Сярод іх нібыта ёсьць акаўнты славутых людзей, папулярных блогераў і брэндаў.
Дадзеныя гэтых карыстальнікаў трапілі ў базу індыйскай кампаніі, якая займалася продажам рэклямы ў Instagram. Яе супрацоўнікі захоўвалі інфармацыю пра карыстальнікаў у сеціве, стварыўшы ўліковы запіс без паролю ў Amazon Web Services. Апісаньне кожнага акаўнта суправаджалася коштам разьмяшчэньня на ім рэклямы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook прызнала, што супрацоўнікі кампаніі мелі доступ да пароляў карыстальнікаўСярод дадзеных, якія трапілі ў адкрыты доступ, ёсьць як агульнадаступная інфармацыя (колькасьць падпісчыкаў, вэрыфікацыя, краіна пражываньня ўладальніка акаўнта), так і асабістыя зьвесткі (адрасы электроннай пошты і нумары тэлефонаў уладальнікаў).
У Techcruch сьцьвярджаюць, што зьвярнуліся да кампаніі, якая разьмясьціла інфармацыю, пасьля чаго тая закрыла доступ да базы дадзеных.
У красавіку акцыянэры кампаніі Facebook, якой належыць Instagram, заклікалі кіраўніка праўленьня Марка Цукербэрга пайсьці ў адстаўку. На іх думку, цэны акцый Facebook на біржы ўпалі ў тым ліку ад скандалаў з уцечкай асабістых зьвестак карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Facebook патрабуюць зьняць Цукербэрга з пасады кіраўніка