Уладзімір Зяленскі прызначыў кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі свайго дарадцу ў юрыдычных пытаньнях, асабістага адваката алігарха Ігара Каламойскага Андрэя Богдана. Адпаведны ўказ зьявіўся на сайце прэзыдэнта Ўкраіны 21 траўня.
Раней Андрэй Богдан адзначаў, што ў выпадку прызначэньня яго на нейкую дзяржаўную пасаду ён завершыць сваю адвакацкую практыку. Кандыдатам на пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Богдана называў сам бізнэсоўца Каламойскі.
Ігар Каламойскі адкрыта падтрымліваў Зяленскага перад выбарамі і ў час іх, Зяленскі мог часта кантактаваць зь ім, яго суправаджала асабістая ахова алігарха. Тэлеканал «1+1», які належыць Каламойскаму, актыўна падтрымліваў Зяленскага, а ягоныя шоў (у тым ліку тэлесэрыял «Слуга народу») выходзілі на гэтым канале з 2012 году. Заяву Зяленскага пра тое, што ён ідзе на выбары, на «1+1» паказвалі замест навагодняга звароту прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алігарх Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну пасьля двух гадоў эміграцыіУладзімір Зяленскі прызначыў таксама пяцярых намесьнікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта:
- Сяргея Трафімава,
- Кірыла Цімашэнку,
- сцэнарыста студыі «Квартал 95» Юрыя Касьцюка,
- былога намесьніка міністра юстыцыі Руслана Рабашапку,
- намесьніцу міністра замежных спраў Алену Зеркаль.
Аднак пазьней з сайту Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны зьнік указ аб прызначэньні Алены Зеркаль намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле стану на 8.30 22 траўня ўказ № 309/2019 адсутнічае.
Сваім першым памочнікам прэзыдэнт Украіны прызначыў свайго бізнэс-партнэра, сузаснавальніка студыі «Квартал 95» Сяргея Шэфіра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падпісаў указ аб роспуску Вярхоўнай Рады і прызначыў дату выбараў21 траўня Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ, якім распускае Вярхоўную Раду Ўкраіны. Ён таксама прызначыў датэрміновыя парлямэнцкія выбары на 21 ліпеня 2019 году.
Напярэдадні, 20 траўня, Зяленскі прынёс прысягу і зрабіў заяву аб роспуску Вярхоўнай Рады. Першапачаткова парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне былі заплянаваныя на 27 кастрычніка.
Хто такі Каламойскі і як ён зьвязаны зь Зяленскім
Ігара Каламойскага называюць адным з самых уплывовых алігархаў Украіны.
- Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Днепрапятроўску (сёньня Дніпро). Інжынэр-мэталюрг, у сярэдзіне 1980-х ён стаў сузаснавальнікам аднаго зь першых ва Ўкраіне гандлёвых каапэратываў, а ў 1992 годзе заснаваў Прыватбанк, будучы найбуйнейшы банк Украіны.
- Аснову групы «Прыват», акрамя аднайменнага банка, склалі фэрасплаўныя заводы Ўкраіны, горна-абагачальныя камбінаты, найбуйнейшая нафтагазавая кампанія краіны «Ўкрнафта», шэраг незалежных нафтаперапрацоўчых заводаў і сеткі аўтазаправак.
- У пачатку 2000-х Каламойскі атрымаў кантроль над групай мэдыяактываў, якія аб’яднаў у найбуйнейшую ва Ўкраіне мэдыягрупу «1 + 1 мэдыя». У 2008 годзе Forbes ацэньваў маёмасьць Каламойскага ў $4,7 млрд.
- У 2014–2015 гадах, пасьля акупацыі Расеяй Крыму і ваеннага крызісу ў Данбасе алігарх кіраваў Днепрапятроўскай (сёньня Січаслаўская) вобласьцю, але ў 2015 годзе быў зьняты ўказам Парашэнка.
- Зьмяншэньне ўплыву Каламойскага і яго адхіленьне ад асноўных украінскіх актываў — Прыватбанка і «Ўкрнафты» — былі ў прыярытэце другой часткі прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі. Каламойскі становіцца фігурантам крымінальных спраў і пакідае Ўкраіну.
- Маючы тры грамадзянствы (Украіны, Кіпру і Ізраілю), ён значную частку часу праводзіць у Жэнэве.
- Пасьля перамогі Ўладзіміра Зяленскага ў прэзыдэнцкіх выбарах Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну ў траўні 2019 году — упершыню за два гады адсутнасьці.
Як Каламойскі зьвязаны з Зяленскім
- Каламойскага зьвязваюць з прэзыдэнцкай кампаніяй Уладзіміра Зяленскага. Сярод афіцыйных спонсараў кандыдата ён ня лічыцца, але яго тэлеканал адыграў вырашальную ролю ў зьяўленьні новага палітыка.
- Студыя Зяленскага «Квартал 95» працуе на канале Каламойскага «1 + 1» з 2012 году. Тамсама выходзіць сэрыял «Слуга народа: гісторыя будучага прэзыдэнта» зь Зяленскім у галоўнай ролі. У тым ліку дзякуючы яму «1 + 1» стаў лідэрам прайм-тайма ва Ўкраіне.
- Заяву Зяленскага пра рашэньне балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах паказалі па «1 + 1» 31 сьнежня 2018 году, перад навагоднім зваротам Парашэнкі. Тэлеканал патлумачыў гэта барацьбой з «саўковым рудымэнтам».
- Застапіўшы на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, Зяленскі прызначыў кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі свайго дарадцу ў юрыдычных пытаньнях, асабістага адваката алігарха Ігара Каламойскага Андрэя Богдана.