Рэканструкцыя менскага касьцёла Сьвятых Сымона і Алены спынілася па завяршэньні вонкавых працаў.
«Другі этап — гэта ўнутраныя работы і прывядзеньне ўсяго будынка ў адпаведнасьць з пажарнымі і тэхнічнымі нормамі, — сказаў прадстаўнік „Менскай спадчыны“ Сяргей Абрамаў. — Тут існуюць пэўныя праблемы з інжынэрнымі сеткамі, найперш сьцёкам вады. Гэта няпростая задача, але тэхнічна ўсё магчыма. Таму праца пакуль прыпыненая, разглядаем магчымасьці праекту. З гэтай прычыны я не магу сёньня назваць канкрэтных датаў пачатку і завяршэньня рэканструкцыі».
У першы этап рэканструкцыі ўваходзілі рэстаўрацыя фасадаў і замена даху.
Цяпер, паводле Абрамава, «Менская спадчына» працуе на васьмі аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.
Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены будаваўся ў 1905–1910 гадах на грошы Эдварда Вайніловіча ў памяць пра ягоных
дзяцей, якія заўчасна памерлі — Сымона і Алены Вайніловічаў.