19 траўня на сваім лецішчы пад Гомлем застрэліўся капітан рачнога цеплахода. Знаёмыя Ўладзімера кажуць, што прычына самагубства — праблемы на працы. Калегі нябожчыка мяркуюць, што крыніца такога рашэньня — праблемы ў асабістым жыцьці капітана.
На прагулачным цеплаходзе, які курсуе па Сажы, Уладзімер адпрацаваў дваццаць апошніх гадоў. Ён быў жанаты другі раз. Разам з жонкай жыў у сьціплай «хрушчоўцы» ў спальным раёне Гомля. Дзяцей не было.
Суседзі расказалі, што трагічнае здарэньне адбылося ў нядзелю на лецішчы, дзе Ўладзімер адпачываў зь сямʼёй.
«Гэта здарылася на вачах ягоных сваякоў. Ён застрэліўся з паляўнічай стрэльбы. Што было прычынай, невядома. Ён быў вясёлы, заўсёды загаворыць, пажартуе», — расказала суседка.
«У яго былі праблемы на працы. Ці яго звольнілі, ці пагражалі звольніць — такая ў мяне інфармацыя. Праца на цеплаходзе сэзонная, заробкі малыя, плюс крызыс сярэдняга ўзросту», — цьвердзіць прыяцель Уладзімера.
Калегі нябожчыка сьцьвярджаюць, што Ўладзімера ніхто не звальняў, і яшчэ ў суботу, напярэдадні самагубства, ён быў на працы.
«Усім рачным портам мы драілі цеплаход, і ён таксама ўдзельнічаў ў гэтай працы. Мы ўсё ў шоку ад таго, што здарылася. Бо ён быў вясёлы, гумарыст, вельмі гаваркі і адкрыты», — кажуць калегі капітана цеплахода.
Кіраўніцтва рачнога порту «Гомель» адмовілася ад камэнтароў са спасылкай, што праверку па факце сьмерці праводзіць Сьледчы камітэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта