Сьледчы аддзел паліцыі ў Крывым Рогу (Днепрапятроўская вобласьць) у межах крымінальнай справы шукае асобаў, датычных да арганізацыі злачыннай групоўкі, якая займалася вэрбаваньнем дзяўчат ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў для прастытуцыі і жабрацтва.
У справе фігуруе як мінімум адзін эпізод, калі ўкраінак накіроўвалі ў Менск пад выглядам уладкаваньня на працу валянтэрамі — ім абяцалі жытло ў арэндаванай кватэры ў Менску, заробак 400 даляраў, але па прыезьдзе забіралі пашпарт і прымушалі стаяць на каленях у грамадзкіх месцах ды прасіць грошы на лячэньне «хворага дзіцяці». Адзін з такіх пунктаў для жабрацтва нібыта знаходзіўся ля менскай станцыі мэтро «Пятроўшчына».
Сьведка паведаміў сьледзтву, што маладым дзяўчатам прызначалі сустрэчу ў адным са спальных раёнаў гораду, потым іх перавозілі ў цэнтральны «квартал 95» (вядомы раён у Крывым Рогу, у гонар якога прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў сваю кампанію. — РС), а адтуль — спачатку ў Кіеў і потым ужо ў Менск.
Сьледчыя атрымалі дазвол суду вывучыць дакумэнтацыю сямі тэлефонных нумароў аднаго з украінскіх апэратараў мабільнай сувязі, якія могуць належаць удзельнікам злачыннай групоўкі.