Кіраўніку аддзелу анэстэзіялёгіі і рэанімацыі РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак, ляўрэату Дзяржпрэміі Аляксандру Дзядзько зьмененая мера стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, паведамляе «Народная воля».
15 траўня Аляксандр Дзядзько быў выкліканы ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, а ў наступныя дні не зьявіўся на працоўным месцы.
17 траўня афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Сяргей Кабаковіч пацьвердзіў Свабодзе: Сьледчы камітэт завёў і расьсьледуе крымінальную справу ў дачыненьні Аляксандра Дзядзько па фактах атрыманьня хабараў ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур за вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у ягоную кампэтэнцыю.
«У цяперашні час з затрыманым працуюць сьледчыя, праводзяцца неабходныя працэсуальныя дзеяньні», — падсумаваў прадстаўнік ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы фігурант у «справе мэдыкаў»? Затрыманы галоўны анэстэзіёляг-рэаніматоляг БеларусіАднак 20 траўня Аляксандр Дзядзько выйшаў на працу. Яму зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Зь лістом пра тое, што прафэсар патрэбен на працоўным месцы, у сьледчыя органы зьвярнуўся кіраўнік РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алег Румо, які непасрэдна працуе і выконвае складаныя апэрацыі разам зь Дзядзько.
Як паведамляе «Народная Воля», у практыцы былі прэцэдэнты, калі да суду абвінавачаныя ў крымінальнай справе лекары працягвалі працаваць.
Паводле прадстаўніцы Сьледчага камітэту Беларусі Юліі Ганчаровай, «расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца і Аляксандар Дзядзько застаецца ў статусе падазраванага».
Аляксандар Дзядзько ў мэдыцыне 36 гадоў, у 1998-м ён стаў загадчыкам аддзяленьня анэстэзіялёгіі 9-й гарадзкой лякарні. Вясной 2008 году разам з калегамі выканаў першую апэрацыю перасадкі печані. Ён ляўрэат Дзяржаўнай прэміі за распрацоўку і ўкараненьне тэхналёгій трансплянтацыі органаў у дзяцей і дарослых.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.