Лукашэнка ўсклаў на Румаса пэрсанальную адказнасьць за рост эканомікі

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

На прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса ўскладзеная пэрсанальная адказнасьць за забесьпячэньне эканамічнага росту краіны за кошт замежнага попыту. Адпаведнае распараджэньне Аляксандар Лукашэнка падпісаў 20 траўня, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта.

«Крытэрам эфэктыўнай экспартнай дзейнасьці будзе забесьпячэньне таварнай і геаграфічнай дывэрсыфікацыі паставак, а таксама нарошчваньне экспарту тавараў і паслуг тэмпамі, якія апераджаюць рост імпарту», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле дадзеных Нацбанку Беларусі, замежнагандлёвы абарот тавараў і паслуг па выніках студзеня–сакавіка 2019 году скараціўся на 2,5% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году і склаў 18,88 млрд даляраў. Пры гэтым экспарт зьнізіўся на 1,9% — да 9,66 млрд даляраў, імпарт паменшыўся на 3% — да 9,22 млрд даляраў.

Сальда замежнага гандлю па выніках I кварталу дадатнае, склала 433 млн даляраў, пры гэтым прафіцыт замежнага гандлю паслугамі — 948,9 млн даляраў, а вось гандаль таварамі фармуе адмоўнае сальда — дэфіцыт замежнага гандлю таварамі ў студзені–сакавіку 2019 году склаў 515,9 млн даляраў.

Экспарт тавараў зьнізіўся па выніках першага кварталу на 3,2%, да 7,6 млрд даляраў, імпарт тавараў зьнізіўся на 2,9% — да 8,11 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею ўпаў на 15-30%

Беларускі ВУП, паводле Белстату, у студзені–красавіку 2019 году вырас на 1,4%. У студзені 2019 году рост эканомікі быў на ўзроўні 0,7%, у студзені–лютым — 0,8%, студзені–сакавіку — 1,1%. За красавік рост эканомікі дадаў 0,3%.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за пэўны час ва ўсіх галінах эканомікі.

Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2019 год прадугледжвае эканамічны рост 4%. Аднак міжнародныя фінансавыя арганізацыі не падзяляюць аптымізму беларускіх уладаў: у красавіку 2019-га Міжнародны валютны фонд зьнізіў ацэнку росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе да 1,8% (з 2,4%, якія прагназаваліся ў студзені), таксама пагоршыў прагноз росту эканомікі Беларусі ў 2019 годзе і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭБРР пагоршыў прагноз росту эканомікі Беларусі ў 2019 годзе