Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў ЗША і Эўразьвяз узмацніць санкцыйны ціск на Расею, паведамляе ягоная прэс-служба.
На сустрэчы з прадстаўнікамі Адміністрацыі і Кангрэсу ЗША, якія прыбылі на ягоную інаўгурацыю, Зяленскі адзначыў, што Вашынгтон зьяўляецца «магутным і вельмі сур’ёзным партнэрам у пераадоленьні агрэсіі Расеі».
«Самастойна пераадолець расейскую агрэсію на Данбасе і ў Крыме мы ня зможам. Таму нам патрэбна ваша дапамога, — сказаў Зяленскі. — Хацеў бы заклікаць вас, каб ЗША працягвалі ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Расеі».
На сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнтам Эўрапейскай камісіі Марашам Шэфчавічам прэзыдэнт Украіны сярод іншага таксама абмяркоўваў супрацьдзеяньне агрэсіі Крамля на Данбасе і пэрспэктывы дэакупацыі Крыму, адзначыўшы важнасьць санкцыйнай палітыкі супраць Крамля.
«Узмацненьне санкцыяў у дачыненьні да Расейскай Фэдэрацыі праз агрэсію — гэта наша сапраўды вялікая надзея. Я спадзяюся, што санкцыйны ціск з боку Эўразьвязу будзе працягвацца. Для нас гэта вельмі важна — не на словах. Гэта жыцьцёва важна для Ўкраіны і тых людзей, якіх мы губляем на Данбасе», — падкрэсьліў Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыйная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Хто больш плаціць за абмежаваньні? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін адмовіўся віншаваць Зяленскага з уступленьнем на пасаду прэзыдэнта