У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся працэс аб гучным ДТЗ, у якім загінуў чалавек. Падсудны — заснавальнік вядомай фірмы «Дарыда» Ўладзімер Дзялендзік.
Здарэньне адбылося 16 сьнежня 2018 году ў сталіцы на скрыжаваньні Нававіленскай і Арлоўскай вуліц. Уладзімер Дзяляндзік на аўтамабілі «Ягуар», не дачакаўшыся зялёнага сыгналу, выехаў на скрыжаваньне і сутыкнуўся з «Фальсквагенам-Туран». Ад удару «Фальксваген» перакуліўся на дах, 69-гадовая пасажырка ў ім загінула.
«Скальпаваная траўма чэрапа, разарваныя лёгкае, пячонка, зламаныя рэбры», — пракурор больш за хвіліну пералічваў траўмы загінулай.
Дзялендзік адразу прызнаў, што вінаваты.
«Не ўцякаў, выклікаў міліцыю. Падышоў да перакуленага „Фальксвагена“ — у ім была жанчына. Яна ляжала галавой на асфальце, у яе цякла кроў», — сказаў ён.
Пацярпелай у справе прызнаная сястра загінулай Алена Філіповіч. Паводле Ўладзімера Дзялендзіка, яна даравала яму. Дзялендзік сказаў, што неўзабаве пасьля ДТЗ кампэнсаваў пацярпелай матэрыяльныя страты.
«Адразу даў 30 тысяч рублёў, яна ўжо праз два дні набыла на іх новы аўтамабіль. У іх хворае дзіця, дагэтуль падтрымліваю яе сям’ю матэрыяльна», — запэўніў суд Уладзімер Дзялендзік.
Сама пацярпелая на сёньняшняе паседжаньне не прыйшла, але праінфармавала судзьдзю Валерыя Есьмана, што ў далейшым хацела б на працэсе прысутнічаць. Як вынік — судзьдзя перанёс паседжаньне на тэрмін, які яшчэ ня вызначаны.
За сьмерць чалавека па неасьцярожнасьці ў выніку парушэньня правілаў дарожнага руху Ўладзімеру Дзялендзіку пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.