Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці 9-гадовай дзяўчынкі ў Тураве.
Паведамляецца, што падчас спартовых спаборніцтваў у школе трэцяклясьніца ўдзельнічала ў забегу на 500 мэтраў. Да спаборніцтваў яна ня скардзілася на кепскае самаадчуваньне. Празь некалькі дзясяткаў мэтраў адчула недамаганьне і спынілася.
За кароткі час самаадчуваньне пагоршылася, выклікалі хуткую дапамогу. Першую мэдычную дапамогу дзяўчынцы аказалі ў Тураўскай больніцы, а потым зьмясьцілі ў хуткую, каб перавезьці ў Жыткавіцкую раённую больніцу, дзе дапамога была б больш кваліфікаваная. У аўто стан дзяўчынкі пагоршыўся. Нягледзячы на рэанімацыйныя дзеяньні, яна памерла.
Сьледчыя апыталі адміністрацыю, пэдагогаў і школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Таксама вынялі мэдычную дакумэнтацыю, якая тычыцца аказаньня дзяўчынцы мэдычнай дапамогі.
Міністэрства аховы здароўя: сытуацыя на кантролі
У Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе пракамэнтавалі закіды, што хуткая дапамога прыехала запозна — прыблізна праз гадзіну, і лекары не змаглі даць рады цягам дзьвюх гадзін.
У Міністэрстве выказалі спачуваньне родным дзяўчынкі і паведамілі, што зараз працуе камісія, у склад якой увайшлі як вузкія спэцыялісты, так і арганізатары аховы здароўя.
«Уся сытуацыя будзе на кантролі Міністэрства аховы здароўя да высьвятленьня прычыны сьмерці дзіцяці», — сказала прэс-сакратарка міністэрства Юлія Барадун.
У кастрычніку 2018 году ў вёсцы Лудчыцы (Магілёўская вобласьць) на ўроку фізкультуры памёр трэцяклясьнік Ягор Бабашка. У яго была прыроджаная анамалія будовы сэрца. За два гады да сьмерці хлопчыку выставілі дыягназ «Сындром WPW».
Двойчы яго са школы забірала «хуткая дапамога», бо на ўроках рабілася кепска. Лекары прапісалі Ягору займацца фізкультурай у падрыхтоўчай групе, а перад навучальным годам класьціся ў шпіталь. Але ў жніўні 2018 году ў Магілёўскай абласной лякарні вырашылі перанесьці шпіталізацыю на сьнежань, бо ў стане здароўя дзіцяці ня выявілі пагаршэньня. Праз два месяцы Ягор памёр. Пасьля здарэньня завялі крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе пасьля трэніроўкі ў цяжкай атлетыцы памёр школьнікУ красавіку 2019 году ў Лідзе, у філіяле Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву, памёр навучэнец 10-й клясы аддзяленьня цяжкай атлетыкі Андрэй Дараховіч. Хлопцу стала кепска пасьля плянавай трэніроўкі. Выклікалі хуткую, аднак, нягледзячы на дапамогу мэдыкаў, выратаваць яго не ўдалося. Па факце сьмерці праводзіцца сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць на бягу. Чаму дзеці гінуць на ўроках фізкультуры і як ад гэтага засьцерагчыся